Былы палітвязень Мікалай Дзядок прадставіў на закрытым мерапрыемстве ў Магілёве сваю кнігу “Фарбы паралельнага свету”.

8 кастрычніка. Магілёў. Цэнтр “Кола”. Алесь Святліцкі


Адседзеўшы пяць гадоў па “справе анархістаў” Мікалай Дзядок 7 кастрычніка прадставіў магілёўцам у цэнтры “Кола” зборнік турэмных эсэ “Фарбы паралельнага свету”.

Кнігу ён напісаў неўзабаве пасля вызвалення ў 2015 годзе, паколькі баяўся, што запісы могуць забраць супрацоўнікі турмы падчас чарговага агляду камеры.

– Гэта не спроба паказаць нейкую жэсць. Я пастараўся найбольш рацыянальна расказаць пра тое, што такое беларуская турма. У першую чаргу гэта гама унікальных адчуванняў, якія ты нідзе больш не адчуеш. Адчуванняў вельмі ненатуральных для жывой істоты, – распавёў Дзядок. – Мабыць, беларускую турма – гэта армія плюс псіхлякарня.

За пяць гадоў зняволення, паводле ягоных слоў, ён настолькі прывык да турэмнага побыту, што цэлых паўгады не мог вярнуцца ў нармальны стан.

– Я шэсць месяцаў думаў, што тое, што я на волі – нешта несапраўднае.Калі б мяне праз тыдзень пасадзілі зноў, я б нават не пратэставаў бы, падумаў бы, што воля мне прыснілася,- падзяліўся адчуваннямі былы палітвязень.

Па словах Дзядка, усе пяць гадоў ён спрабаваў асэнсаваць, што адбываецца ў самой турэмнай сістэме. І адной з самых вялікіх праблемаў ён назваў рамантызацыю крымінальнага свету.

На ўсёй постсавецкай прасторы ёсць нейкі культ крыміналітэту. “Адрынутыя” Віктора Гюго, некаторыя песні Высоцкага, шансон у любой маршрутцы, ментаўскія серыялы, у якіх “злодзеі ў законе” выступаюць у ролі нейкай справядлівай інстанцыі – усё гэта сфармавала цэлы культ. Але ўсё гэта – поўнае глупства,- выказаўся Дзядок.

Ён падкрэсліў, што адна з мэтаў з’яўлення кнігі “Фарбы паралельнага свету” – дэсакралізацыя крымінальнага свету.

– Калі ты трапляеш у турму, ты вельмі хутка пераконваешся, што тыя ж “блатныя” вельмі актыўна супрацоўнічаюць з турэмшчыкамі, што ніякай справядлівасці там няма. Наадварот – чым ты дабрэй і прынцыповей, тым менш шанцаў у гэтай супольнасці вылезці наверх. Там прынята выдаваць, прыніжаць і падстаўляць. Гвалт – гэта мова беларускай турмы,- упэўнены былы палітвязень.

Мікалай Дзядок выказаў здагадку, што ў цяперашняй сітуацыі рэфармаваць турэмную сыстэму Беларусі проста немагчыма – па яго словах, яна з’яўляецца звычайным зрэзам беларускага грамадзтва.

– Беларуская турма – гэта вельмі ўтрыраваны, сціснуты малюнак нашага грамадства, нажаль,- падкрэсліў экс-арыштант.

Застацца сабой у зняволенні і змагацца з сістэмай можна, лічыць Мікалай Дзядок.

– У першую чаргу там вельмі баяцца, што парушэнні вылезуць навонку, таму важна іх агалошваць. Пры гэтым не трэба паддавацца страху – гэта галоўны інструмент, якім валодаюць турэмныя ўлады ў адносінах да вязняў,- распавёў Дзядок.

Акрамя гэтага, трэба быць гатовым да пазбаўлення камфорту.

– Заўсёды трэба выбіраць прынцыпы, а не матэрыяльныя плюшкі. Як толькі ты вырашыў, што цёплыя нары важней табе тваёй годнасці, што ты не гатовы трываць драўляныя дошкі замест ложка, то ўсё – ты прапаў.Турма атрымлівае яшчэ адзін інструмент кіравання табой, – падзяліўся меркаваннем анархіст.

Напрыканцы Мікалай Дзядок заявіў, што беларускай турме, як і грамадству ў цэлым, не хапае салідарнасці.

– Калі зэк бачыць беззаконне мянтоў ў адносінах да яго сакамерніка, ён не разумее, што наступным абавязкова будзе ён. У той жа час на доўгую перспектыву увага да праблем іншым дапамагла б паменшыць колькасць парушэнняў у беларускіх турмах. Ды і ў грамадстве наогул,- сказаў на заканчэнне аўтар кнігі.