Праз 15 гадзін пасля выхаду з магілёўскага ІЧУ ў Магілёўскім абласным судзе адбылося паседжанне па скарзе актывіста.
28 сакавіка. Магілёў. Суд Магілёўскай вобласці. Алесь Святліцкі
Алега Мяцеліцу асудзілі 16 сакавіка на 12 сутак адміністрацыйнага арышту за актыўны ўдзел у Маршы недармаедаў. Ужо знаходзячыся ў ІЧУ актывіст накіраваў скаргу ў суд, у якой назваў сваё затрыманне і наступнае змяшчэнне ў ізалятар неправамерным.
Выступаючы перад суддзёй абласнога суда Святланай Мартынавай, Алег Мяцеліца заявіў, што артыкулы 23 і 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь гарантуюць ўсім грамадзянам краіны права на мірныя сходы без якіх-небудзь абмежаванняў. Актывіст паведаміў, што не думаў аб незаконнасці акцыі, паколькі на ёй выступіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк і прысутнічаў намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч.
– Калі акцыя незаконная была, то чаму супрацоўнікі міліцыі, якія прысутнічалі на ёй, не выйшлі і ня заявілі пра гэта? – задаўся пытаннем Мяцеліца.
Актывіст таксама паскардзіўся на парушэнне міжнародных нормаў з боку мясцовых уладаў, у прыватнасці артыкула 21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, якая прызнае права на мірныя сходы.
– Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах з’яўляецца міжнароднай дамовай Рэспублікі Беларусь. Па прызнанай у Беларусі навуковай канцэпцыі, аўтарам якой з’яўляецца доктар юрыдычных навук прафесар Васілевіч, з гэтай нормы вынікае, што напаўненне канстытуцыйных нормаў павінна адпавядаць міжнароднаму праву, – сказаў Мяцеліца.
Нягледзячы на ўсе довады актывіста, суддзя Святлана Мартынава прызнала правамерным адміністрацыйны арышт на 12 сутак. Пасля пасяджэння Алег Мяцеліца паведаміў, што збіраецца абскардзіць рашэнне ў старшыні суда.