Цікава, чаму кіраўнік «Омск Карбон Груп» Валер Каплунат так не любіць Орыса Брута за інфармацыю, якую той публікуе?

14 жніўня. Магілёў. Алесь Святліцкі


У ліпені гэтага года прэс-служба кампаніі Омсктэхвуглярод заявіла аб тым, што завод па вытворчасці тэхнічнага вугляроду “Омск Карбон Магілёў” запусцяць у верасні.

На піку завод будзе вырабляць 200 тысяч тон тэхвуглярода ў год. Прадукцыя прызначаецца ў першую чаргу для бабруйскага заводу «Белшына» і на экспарт.

Новыя працоўныя месцы, валютныя інвестыцыі – усе шчаслівыя. Незадаволеныя некаторыя магілёўцы і жыхары гарадскога пасёлка Вейна, побач з якімі будзе дзейнічаць завод. Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, што пры будаўніцтве выкананы ўсе экалагічныя нормы, людзі баяцца, што вытворчасць нанясе страты экалогіі і іх здароўю. Блогер Орыс Брут упэўнены, што баяцца яны недарма.

Хто такі Орыс Брут?

У сакавіку 2018 года омскі блогер Орыс Брут (сапраўднае імя – Уладзімір Ліфанцьеў) на сваёй старонцы «Вконтакте» апублікаваў відэа «Фабрыка аблокаў сажы», якое да гэтага моманту набрала больш за 70 тыс. праглядаў.

У ім блогер распавёў, якія страты наносіць завод тэхнічнага вугляроду. У адказ на гэта кіраўнік холдынгу Валер Каплунат даў інтэрв’ю сайту «ВОмске», у якім назваў Ліфанцьева фрыкам і маргіналам. Праўда, на наступны ж дзень інтэрв’ю было без тлумачэнняў выдалена з сайта.

Усё скончылася тым, што «Омсктэхвуглярод» падаў на Ліфанцьева ў суд, дзе запатрабаваў выдаліць відэа. Першае пасяджэнне прайшло 14 жніўня. Што цікава – ніякіх фінансавых прэтэнзій кампанія Орысу Бруту не прад’явіла.

Мы папрасілі расказаць блогера-эколога, які цяпер судзіцца з «Омск Карбон», што, на яго думку, чакае Магілёў, калі завод запусціцца.

Маналог Брута

Мяне клічуць Уладзімір Ліфанцьеў. Я блогер, эколаг. Трэба разумець, што ў мяне не было мэты «мачыць» «Омск Карбон» і Валерыя Каплуната.

Омск – гэта прамысловы горад, дзе дзейнічае вялікая колькасць прадпрыемстваў. У мінулым годзе ў нас быў вялікі выкід эцілмеркаптана (моцнадзейнае таксічнае рэчыва). У працэсе работы па гэтай тэме я пачаў разбірацца з кожным прадпрыемствам.  Аднойчы зрабіў ролік пра Омскі завод тэхнічнага вугляроду.

Я проста ўзяў, апрацаваў інфармацыю, выказаў заклапочанасць экалагічнай сітуацыяй. А далей ужо пачалося. У Каплуната ў Омску ёсць некалькі падкантрольных СМІ. З іх і пачалася хваля нападак. Зараз яны на мяне падалі ў суд, сёння было першае пасяджэнне – абараняюць сваю дзелавую рэпутацыю.

 «Омсктэхвуглярод» – гэта завод савецкай пабудовы. Ён пабудаваны па старых нарматывах. Плюс вакол яго з а часам нараслі жылыя раёны, так што дамы знаходзяцца недалёка ад вытворчасці. У відэа я распавядаў, што вакол завода, калі ўзімку лапатай праткнуць гурбу, то можна ўбачыць слаі чорнага снегу. Я не праводзіў лабараторных аналізаў, хоць мяркую, што гэта тэхнічны вуглярод.

Важны момант – у сваім пазове «Омсктэхвуглярод» спрабуе выставіць усе такім чынам, быццам я сказаў, што менавіта гэты завод – галоўны забруджвальнік раёна. Але фактычна ён з’яўляецца галоўным забруджвальнікам толькі аднаго з мікрараёнаў Омска.

Падаткі, валюта, рублі

Яшчэ ім не спадабалася, што я выявіў дадзеныя па падатках. Гэта, дарэчы, тое, што закране вас.

Омск Карбон Груп” належыць фірме, якая зарэгістраваная ў Кіпры. То бок кампанія знаходзіцца ў афшорнай зоне.

Асноўны матэрыял для вытворчасці тэхнічнага вугляроду – так званы газойль. У «Омск Карбон Груп» ёсць асобная фірма, якая закупляе яго ў “Газпрома”. Затым яна прадае газойль на завод, за што мае сваю маржу.

«Омсктэхвуглярод» купляе і перапрацоўвае матэрыял. Пасля гэтага за расейскія рублі завод прадае тэхнічны вуглярод фірме, якая таксама ўваходзіць у холдынг, але знаходзіцца за мяжой. А вось далей, за мяжой, тавар прадаецца за даляры.

Я паглядзеў па падатковых выплатах – у 2013-2016 гадах, калі вуглевадароды (нафта) вельмі моцна знізілася ў кошце, а даляр вырос, у іх падатковыя адлічэнні не мяняліся.

Пра што гэта кажа? Калі долар вырас у два разы, павінен быў павялічыцца і рублёвы прыбытак. Гэта значыць, што тое, што раней каштавала 6 тысяч рублёў, потым павінна было каштаваць 12 тысяч з-за змены курсу даляра. Але падатковыя паступленні ад холдынгу не змяніліся – гэта значыць грошы кудысьці сышлі. Верагодна, як раз у кіпрскую афшорную зону, а не ў бюджэт.

Шчасця, здароўя, і яшчэ здароўя

Вас чакаюць хлопцы, якія будуць выкідваць тэхнічны вуглярод вакол сябе. Акрамя інвестыцый і працоўных месцаў, ніякіх асаблівых прэферэнцый яны ў вашу краіну не прынясуць, я думаю.

Прычым наконт працоўных месцаў трэба разумець, што ў працаўнікоў на техвугляродзе заўсёды «гарачая сетка» (шкодныя ўмовы вытворчасці) і гэта не проста так. Гэта сапраўды шкодная вытворчасць.

Я знаходзіў іх сертыфікаты якасці, хоць і састарэлыя. Там досыць выразна напісана, што тэхнічны вуглярод адносіцца да другой групы небяспекі і разглядаецца як патэнцыйны канцэраген. Там былі прыведзены некалькі прыкладаў вопытаў на жывёлах. У мышэй, калі я не памыляюся, ён выклікаў мноства новаўтварэнняў у лёгкіх, а ў іншых жывёл – праблемы з дыхальнай сістэмай.

Што тычыцца адпаведнасці нормам, трэба быць асцярожнымі. Я не ведаю, як будзе ў Магілёве, але ў Омску завод техвуглярода не ўваходзіць нават у пяцёрку самых тэхнічна аснашчаных прадпрыемстваў. Магчыма, што ім прасцей пабудаваць новы завод, чым мадэрнізаваць стары.

Трэба браць нарматывы крытычна дапушчальнай канцэнтрацыі шкодных рэчываў, асноўную ўвагу звярнуць на ўтрыманне вуглевадароду ў паветры і змест дробных часціц. На Алі-Экспрэс кітайцы прадаюць стацыянарны лавец мікрачасцін частатой да 0,25 МПа. Ён счытвае колькасць мікрачасцін, таго самага пылу, які асядае ў лёгкіх, але не улаўліваюцца носам. Падобныя праекты добра рэалізаваны ў Маскве і Краснаярску. Гэта вельмі выгадна, калі афіцыйнай інфармацыі і статыстыцы даверу няма.