Валанцёр “Магілёўскай вясны” параўнаў кошты ў сталовай у Доме Саветаў з тым, што прапануюць звычайнай магілёўскай публіцы.

9 студзеня. Магілёў. Ірына Вайсс


Ужо на этапе выбару падноса і лыжкі з відэльцам – шок. Як відаць на загалоўным фота, у лыжках і відэльцах прасвідраваны дзіркі. Звычайна так сталовыя прыборы выглядаюць у турмах. Але ў дадзеным выпадку гэта – магілёўскі Дом Саветаў, у якім засядаюць Магілёўскі аблвыканкам, абласны савет дэпутатаў і прадстаўнік прэзідэнта-інспектар па Магілёўскай вобласці.

На рытарычнае пытанне, ці не крадуць відэльцы чыноўнікі, работніцы адказалі поглядам з папрокам і відавочнай непрыязнасцю.

Наш валанцёр прыйшоў да канца абедзеннага перапынку. Гэта значыць, што большая палова меню ўжо разышлася. Прыйшлося здавольвацца вось такім цалкам стандартным наборам. Праўда, курынае філе з ананасам прыйшлося ўзяць без гарніру – заставалася толькі тушаная капуста. Усё самае смачнае чыноўнікі ўжо размялі.

Такім чынам, свежая капуста, салата «Мімоза», хлеб, курынае філе з ананасам і кампот абышліся ў 4 рублі 92 капейкі. Зусім нядрэнна для тых, хто свае «па 500» лічаць у доларах.

Відавочна ўсе гэтыя стравы робяцца тут яшчэ з савецкіх часоў, таму кухня прадказальная, але досыць смачная. Талеркі тут выглядаюць, вядома, старамодна і шклянкі гранёныя, але іх напаўненне зусім не горш, чым у кафэ, у якое мы адправімся для параўнання.

Цікава, што першымі падчас абеду ў аблвыканкаме сыходзяць самыя дарагія стравы. Напрыклад, гарбуша запечаная з грыбамі за 3 руб. 71 кап. Каму цікава пакапацца ў коштах, вось увесь прайс-ліст. Значная частка прадуктаў каштуе менш 1 рубля.

Дом Саветаў – гэта поўная копія сталічнага палаца. Сталовая тут знаходзіцца акурат пасярэдзіне будынка, на першым паверсе.

Калі б яе не было, то прыйшлося б чыноўнікам ісці, напрыклад, у бліжэйшае кафэ. Яно знаходзіцца праз дарогу, па вуліцы Піянерскай і называецца «Хмель». Кафэ зусім недарагое.

Мы зайшлі туды, каб параўнаць кошт стандартнага ланча. Кафэ размешчана ў месцы, дзе няма вялікай колькасці людзей, мясцовыя жыхары жывуць не багата. Таму гэта стандартная ўстанова, куды можна прыйсці перакусіць, не баючыся вялікіх фінансавых выдаткаў.

Меню ланча выстаўлена на століку: тут капуста каштуе ужо 2,50 руб, салат, падобны на той, што мы спажывалі ў Доме Саветаў, нам бы абыйшоўся ў 2,40 руб, а гарачыя стравы менш 4 рублёў не каштуюць у прынцыпе. Асабліва ўмілаваў «напой фруктовы» роўна за 1 рубель. Праз дарогу ў чыноўнікаў такі ж каштуе 26 капеек.

Такім чынам, чыноўнік – гэта не толькі абяцаны прэзідэнтам заробак, але яшчэ і «сацыяльны сэрвіс», які забяспечвае эканомнае, але смачнае харчаванне.

Хто ж гэты чараўнік, які мог бы дазволіць пражыць грамадзянам нават на мінімальную зарплату? З 10 раніцы і да 15.00 чыноўнікаў корміць магілёўскі мясакамбінат.

Заўважылі, на шыльдзе згаданы яшчэ і гандлёвы аб’ект? Ён адкрывае свае дзверы ў 9 раніцы, а закрывае ў 16.00 – з гэтага часу чыноўнікі ўжо прыкладна збіраюцца дадому. Дарэчы, гэта нават не васьмігадзінны працоўны дзень: з дзевяці да чатырох ўсяго сем гадзін.

Магілёўскі мясакамбінат яшчэ мае ў будынку аблвыканкама і сваю краму, дзе кошты таксама не кусаюцца. Прадукцыя там заўсёды свежая, і ёсць тое, што не заўсёды сустрэнеш на прылаўках у спальных раёнах.

Але вернемся ў сталоўку. Дзеля справядлівасці варта дадаць, што сілкуюцца кіраўнікі вобласці без лішняга пафасу. Усё тут выглядае, у адрозненне ад калідораў Дома Саветаў, вельмі проста. На абедзе чыноўнік здымае маску важнага чалавека і становіцца абывацелем, які спяшаецца ўрваць таннае. Зусім як у якім-небудзь студэнцкім гарадку.

Нават падносы яны здаюць на мыйку самі, як простыя смяротныя. Вось у гэта акенца, за якім не заўсёды атрымліваюць «па 500» хаця б у беларускіх рублях.