Сам заяўляе, што яму ніхто не пагражаў і ніхто на яго не ціснуў. Але прызнаў, што подпіс пад заявай аб адмове «за Лукашэнку» – яго. Да чаго такія рэзкія перамены настрою?
4 чэрвеня. Магілёў. Саша Райкон, рэдактар MSPRING.ONLINE
Учора, 3 чэрвеня, MSPRING.ONLINE апублікаваў заявы, згодна з якімі двое магілёўцаў адмовіліся ад раней пастаўленых у падпісных лістах подпісаў у падтрымку вылучэння Аляксандра Лукашэнкі ў кандыдаты ў прэзідэнты.
Абедзве заявы былі напісаныя і падпісаныя самімі магілёўцамі.
Сёння, 4 чэрвеня, у рэдакцыю MSPRING.ONLINE звярнуўся адзін з заяўнікаў Н. і запатрабаваў, каб яго дадзеныя былі выдаленыя з сайта. Ён патлумачыў сваё рашэнне тым, што «не даваў дазволу для публікацыі заявы». Праўда, сам прызнаецца, што аддаў заяву «малазнаёмаму чалавеку», што выклікала здзіўленне ў нашай рэдакцыі.
Ён напісаў нам са старонкі Вконтакте, прыклаўшы пашпартныя дадзеныя і фота:
«Я не подавал и не регистрировал в ЦИК это заявление взяли у меня дома и воспользовались им в незаконных действиях. По данному факту я обратился в в администрацию и написал заявление и описал все», – напісаў нам аўтар заявы (захаваныя яго арфаграфія і пунктуацыя).
Паводле яго слоў, ён ужо накіраваў і зарэгістраваў заяву ў Цэнтральную выбарчую камісіі, згодна якой ён абнуляе заяву аб адмове ад подпісу за Лукашэнку.
Ён сцвярджае, што на яго ніхто не ціснуў і ніхто яму не пагражаў. Калі яму верыць, ён сам не хоча, каб яго імя і прозвішча фігуравалі ў СМІ.
Праўда, ён пацвердзіў той факт, што сапраўды падпісваў тую самую заяву аб адмове ад подпісу ў падтрымку дзеючага прэзідэнта.
Сёння Ленінская раённая выбарчая камісія Магілёва паведаміла сайту TUT.BY, што не атрымлівала падобны заяў ад магілёўцаў. Зрэшты, нядзіўна – абедзве заявы, і Н., і Гарбузовай былі адпраўленыя ў камісію па пошце 2 чэрвеня і пакуль яшчэ, відавочна, не дайшлі.
Другая гераіня матэрыялу – Гарбузава, – паводле матэрыялу «Радыё Свабода», упэўненая ў адмове ад подпісу ў падтрымку Лукашэнкі.