У чацвер 21 траўня актывіста таемна вывезлі з ІЧУ ў суд Ленінскага раёна горада Магілёва, дзе суддзя Ратнікава прысудзіла яго да 15 сутак арышту за непадпарадкаванне работнікам міліцыі і да 1000 рублёў штрафу за абразу міліцыянта.

 

 

Станіслаў Паўлінковіч распавёў падрабязнасці свайго затрымання. Аказваецца міліцыя не чакала яго каля прахадной, нарад зайшоў прама ў цэх Магілёўскага металургічнага завода. Пра тое, што актывіста шукае міліцыя яму паведаміў майстар. Станіслаў паспеў расказаць праваабаронцам пра гэта па тэлефоне пасля чаго быў жорстка затрыманы.

 

Актывіст быў абураны тым, што міліцыянты забіраюць яго прама з працоўнага месца нават не даўшы скончыць змену. У выніку сваркі на яго былі надзетыя кайданкі.

 

Прама ў рабочай вопратцы, са скаванымі за спіной рукамі ён быў дастаўлены ў Ленінскі РАУС, дзе акрамя пратакола па артыкуле 23.43 КаАП “удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве» на яго былі складзеныя яшчэ два – за супраціў супрацоўнікам органаў унутраных спраў (23.4) і за абразу службовай асобы пры выкананні (23.5). Нягледзячы на тое, што з самага пачатку было ясна, што актывіста адправяць у ізалятар часовага ўтрымання, зрабіць тэлефонны званок бацькам з РАУС яму не дазволілі.

 

11 траўня ён быў асуджаны на 15 сутак арышту за ўдзел у акцыі «кармлення галубоў», якая прайшла ў Магілёве на плошчы Славы 2 траўня. Акцыя была праведзена ў горадзе ўпершыню ў знак салідарнасці з экалагічнымі актывістамі Брэста.

 

 

Ужо калі тэрмін адсідкі падыходзіў да канца, у чацвер 21 траўея Паўлінковіч быў дастаўлены канвоем у суд Ленінскага раёна, дзе суддзя Ратнікава разгледзела пратаколы па артыкулах 23.4 КаАП і 23.5 КаАП. Ні адваката, ні бацькоў на працэс не запрасілі. Фактычна, адзначае актывіст, гэта было тайнае судзілішча.

 

Вердыкт – яшчэ 15 сутак арышту і штраф. Дакладны памер штрафу актывіст пакуль не ведае, бо пачуўшы пра новы арышт ён стаў выкрыкваць палітычныя лозунгі і ня слухаць суддзю. Паводле інфармацыі, якую яму пазней паведамілі міліцыянты, сума складзе каля 1000 рублёў (прыкладна 50 базавых велічынь – заўв.рэд.)

 

Пакуль што актывіст застаецца на волі, але ў любы момант ён можа быць зноў затрыманы і дастаўлены ў ІЧУ для адбыцця новага тэрміну. Асобна Станіслаў Паўлінковіч падзякаваў невядомых яму людзей, якія даслалі яму ў турму перадачу.