«Казаць пра поўную свабоду жанчыны немагчыма».

17 мая. Магілёў. Алесь Святліцкі


«Вячэрні Магілёў» ў чарговы раз прайшоўся па правах чалавека – на гэты раз у №39 за 16 траўня дасталася жанчынам.

Доктар тэалогіі Уладзіслаў Валаховіч, якому «Вячорка» вылучыла больш за чвэрць сваёй паласы, у артыкуле «Маскі цывілізацыі смерці: фемінізм» заявіў, што «па сваёй прыродзе жанчына прывязана да хатняга агменю, бо менавіта яна нараджае дзяцей, і казаць аб поўнай свабодзе жанчыны немагчыма. Таму адным з галоўных заданняў феміністак стала вызваленне жанчын ад нараджэння дзяцей».

Далей па тэксце спадар Валаховіч распавядае пра тое, як хітры сусветны план феміністак дазволіць аборты знізіў колькасць нараджэнняў дзяцей. Яму не падабаецца, што «феміністкі абвясцілі ідэю аб тым, што жанчына мае права распараджацца сваім жыватом, мае права выбару, захоўваць цяжарнасць ці не».

«Жанчыны ў развітых краінах атрымалі поўную свабоду для самарэалізацыі, а на краіны, дзе правы жанчын абмежаваныя, аказваецца моцны ціск міжнародных арганізацый. А ці патрэбна была гэтая свабода? Ад яе пацярпелі самі жанчыны, якія зараз сталі ва ўсім падобныя на мужчын», шкадуе Валаховіч

Ён абвінавачвае фемінізм ў крызісе сям’і, павелічэнні грамадзянскіх шлюбаў, крызісе бацькоўства, а таксама высокім узроўні самагубстваў і алкагалізму ў Беларусі.

Дасталося і ЛГБТ – на думку аўтара, гамасэксуалістамі часцей за ўсё становяцца дзеці, якія выраслі ў сем’ях без бацькі.

Праваабаронца Аляксандр Буракоў, які даведаўся пра тэкст, лічыць, што і аўтар, і «Вячэрні Магілёў» заблыталіся ў сваіх абвінавачаннях:

– Лепш за ўсё «Вячорку» не чытаць, вядома. Мне здаецца, што гэта шкодна для псіхічнага здароўя. У гэтай сітуацыі абсурд у тым, што тэкст пра шкоду барацьбы за правы жанчын апублікаваны ў газеце, дзе галоўным рэдактарам з’яўляецца жанчына. Чаму тады Уладзімір Валаховіч не параіць ёй перадаць кіраванне газетай мужчыне, а самай шчыльней заняцца сям’ёй? – пракаментаваў матэрыял Буракоў.