Пра гэта яму паведаміў начальнік Кастрычніцкага РАУС.
10 снежня. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Палкоўнік Аляксандр Сільвановіч праінфармаваў праваабаронцу і журналіста Аляксандра Буракова, што праверка ў рамках крымінальна-працэсуальнага кодэкса ў дачыненні да яго прыпыненая.
8 лістапада аперўпаўнаважаны аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі Кастрычніцкага РАУС, старшы лейтэнант Павел Кот паведаміў Буракову, што ў дачыненні да яго могуць распачаць крымінальную справу за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі – праваабарончага цэнтру «Вясна».
Праверка была распачата 8 кастрычніка з-за таго, што журналіст публікуе свае матэрыялы на сайце аб правах чалавека mspring.online. Паколькі сайт з’яўляецца рэгіянальным інфармацыйным рэсурсам ПЦ “Вясна”, Буракоў, на думку міліцыянта, парушыў і працягвае парушаць артыкул 193.1 Крымінальнага кодэкса.
Падчас праверкі Кот узяў тлумачэнні ў трох чалавек, якія пацвердзілі, што Буракоў гутарыў з імі падчас падрыхтоўкі артыкулаў для сайта.
Каб высветліць, на якім этапе знаходзіцца праверка, Буракоў 21 лістапада звярнуўся з заявай у Кастрычніцкі РАУС.
9 снежня ён атрымаў адказ ад імя начальніка райаддзела Аляксандра Сільвановіча. Журналісту паведамілі, што яго заява таксама далучана да матэрыялаў праверкі, але сама яна прыпыненая.
– Мяркуючы па тым, што пазначана ў адказе Сільвановіча, праверку прыпынілі з-за неатрымання вынікаў нейкай экспертызы, што выглядае смешна. Улічваючы, што я не хаваю сувязь з «Вясной», распачаць крымінальную справу па «193.1» у маім выпадку лёгка. Іншая справа, што ўладзе зняволеныя або аштрафаваныя па гэтым артыкуле ў гэты перыяд часу вельмі невыгодныя, – пракаментаваў адказ Буракоў.
Пры гэтым ён звярнуў увагу на той факт, што праверка менавіта прыпыненая, а не спыненая:
– Гэта досыць зручны спосаб для сілавікоў трымаць не зусім прыемных для іх людзей на кручку, нічога дзіўнага. Але ж нічога страшнага тут няма. Я ўпэўнены, што я нічога супрацьпраўнага не раблю.