Суддзя Таццяна Касцюк вырашыла перанесці паседжанне, паколькі дзяўчына не прыйшла на паседжанне.
8 лістапада. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі
8 лістапада ў судзе Ленінскага раёна меў адбыцца разгляд справы журналісткі Аліны Скрэбуновай, якую міліцыя абвінаваціла ў супрацоўніцтве з тэлеканалам «БелСАТ».
Каля трох гадзін дня пад кабінетам судовай залі сабраліся журналісты, актывісты і трое сведкаў па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні. Яшчэ двое сведак і сама Аліна ў суд не з’явіліся.
Пасля паўгадзіннага чакання суддзя Таццяна Касцюк вырашыла ўсё ж пачаць працэс, падчас якога абвясціла пра перанос разгляду справы на 14 лістапада.
Прычыны няяўкі Аліны Скрэбуновай ў суд невядомыя. Звязацца з дзяўчынай аператыўна не ўдалося.
Па словах праваабаронцы Барыса Бухеля, ніякай адказнасці за няяўку ў сітуацыі з Алінай не прадугледжана.
– Суддзя проста перанесла пасяджэнне, прычым дала шмат часу. За правапарушэнне, якое прыпісваюць Аліне, прадугледжаны максімум штраф, без сутак. Таму ніякіх сур’ёзных наступстваў для журналісткі не будзе, – пракаментаваў сітуацыю Бухель.
Нагадаем, што міліцыя абвінавачвае Аліну Скрэбунову ў стварэнні трох сюжэтаў для тэлеканала “БелСАТ” – пра забарону веларуху на вуліцы Ленінскай, пра адкрыццё беларускамоўнага кафэ “Шпаркі лось” і “Дранік–фэст”.