У магілёўскага ультраправага трэш-блогера і байца ММА Мікіты Варажбітава сілавікі канфіскавалі ўсю камп’ютарную тэхніку.
Пра гэта ў сацсетках паведамілі паплечнікі блогера. Сам ён цяпер праходзіць рэабілітацыю пасля аперацыі на сухажыллях з-за атрыманых траўмаў.

Мікіта Варажбітаў вядомы ў Беларусі як экс-лідар магілёўскай хуліганскай каляфутбольнай групоўкі «Сям’я». У 2019 годзе ён пачаў запісваць відэа «палявання» на магілёўскіх закладчыкаў наркотыкаў і жанчын, уцягнутых у прастытуцыю. У верасні 2019 года пасля ціску сілавікоў ён з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе пазнаёміўся з неанацыстам Дацыкам і зрабіў кар’еру трэш-блогера.
У снежні 2020 года ён прыехаў наведаць бацькоў на навагоднія святы, але быў арыштаваны і правёў у ІЧУ паўтара месяца, бо суды пастаянна дадавалі яму па 15 сутак нібыта за парушэнне рэжыму ізаляцыі падчас пандэміі кавіду. Адначасова сілавікі выдалілі яго YouTube-канал на 350 тысяч чалавек. Бацькі блогера ўсяляк адмаўлялі палітычную падаплёку і не кантактавалі са СМІ.
Пасля вызвалення блогер адразу ж з’ехаў у Санкт-Пецярбург, дзе працягнуў запісваць шавіністычныя і каляфутбольныя ролікі. У 2024 годзе ён, заняўшы прарасійскую пазіцыю, пачаў закранаць тэму вайны Расіі супраць Украіны і зрабіў інтэрв’ю з камандзірам расійскага штурмавога падраздзялення футбольных фанатаў Міхаілам Турканавым па мянушцы «Пітбуль» і іншымі байцамі, якія вярнуліся з фронту.

Тады ж высветлілася, што ў сваіх спецыфічных стрымах ён рэкламаваў анлайн-казіно і асабістым прыкладам «падсаджваў» людзей на стаўкі. Блогер трапіў у расійскі спіс асоб, якія займаюцца незаконнай рэкламай такіх пляцовак, і ў снежні 2024 года было прынятае рашэнне аб яго дэпартацыі з РФ.
Ён адразу ж вярнуўся ў Беларусь, дзе пачаў расхвальваць Аляксандра Лукашэнку і нават супрацоўнікаў ГУБАЗіК, каб не трапіць пад рэпрэсіі.
За гэты час у мужчыны нарадзіліся двое дзяцей, а сам ён вымушаны залечваць траўмы, атрыманыя ў платных бойках ММА.
Праз што распачатая справа або праверка паводле артыкула КК, пакуль высветліць не ўдалося. Сам блогер у сацсетках не адмаўляе, што цяпер «мае праблемы з законам».