У Магілёве адбылося шэсце да памятнага знака ахвярам палітычных рэпрэсій.

Акцыя, арганізаваная Магілёўскай праваслаўнай епархіяй 9 лютага, прайшла незаўважанай. Спачатку арцыбіскуп Магілёўскі і Мсціслаўскі Сафроній здзейсніў літургію ў храме Царскіх пакутнікаў і ўсіх новапакутнікаў ХХ стагоддзя, які размешчаны ў парку Горкага ў цэнтры Магілёва – гэта скандальна адбудаваная царква на месцы старога гарадзішча ў памяць аб расійскім цару Мікалаю II.

Аднак пасля літургіі частка вернікаў прайшла калонай з харугвамі праз паўгорада да кар’ера насупраць мясакамбіната. Гэтае месца вядома магіляўчанам як месца масавых пахаванняў пасля таго, як у канцы 1980-х там былі знойдзеныя чалавечыя астанкі. Улады прызналі, што менавіта там праводзіліся сталінскія растрэлы.

Раней актывісты дэмакратычных партыяў і арганізацыяў праводзілі там мітынгі памяці, з канца 1980-х там стаяў драўляны крыж. Аднак у кастрычніку 2023 года падчас рэканструкцыі праспекта Дзімітрава ў Магілёве крыж быў заменены на памятны знак. Сам знак быў русіфікаваны, на ім з’явіўся надпіс “Гэты крыж узведзены ў памяць рабоў Божых, бязвінна забітых у дні ліхалецця 20-30 гадоў ХХ стагоддзя”.

Тым не менш, менавіта на гэтае месца пасля богаслужэння павёў калону іерэй Андрэй Шаварын. І Хрэсны ход быў названы “на месца растрэлу ахвяраў рэпрэсій у 1930-я гады”. Міліцыя акцыі не перашкаджала.

Пра тое, як на гэтым месцы расстрэльвалі першых начальнікаў магілёўскага НКВД можна пачытаць тут.