Маладых ідэолагаў Магілёўшчыны адправілі ў Казань на форум моладзі. Падобна на тое, што яны самі не ведалі куды едуць.
Хітры паварот лёсу здарыўся з-за прывязкі Беларусі да Расіі. На ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў РФ, зараз запрашаюць удзельнікаў з Беларусі. Так, на Казанскі глабальны саміт моладзі патрапілі сакратар БРСМ Шклоўскага раёна Цімафей Бабкоў, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай працы Магілёўскага гарвыканкама Кацярына Селюкова і старшыня моладзевай рады аблпрафсаюзаў Кірыл Шусцік (на фота).
Праўда, яшчэ падчас рэгістрацыі ў канцы ліпеня 2023 года арганізатары ўказвалі, што “далучыцца да мерапрыемства могуць жыхары краін-удзельніц або назіральнікаў АІС (Беларусі там няма – заўв.), дзяржаў БРІКС (там таксама няма – заўв.) і Азіяцка- Ціхаакіянскага рэгіёна (вельмі хочацца да Ціхага акіяна, але і тамака нас няма – заўв.).”
Тэма саміту была цалкам сабе стандартнай для бягучай сітуацыі – “Роля традыцыйных каштоўнасцей у выхаванні дзяцей і моладзі ў сучасным свеце”. Магілёўскія ідэолагі планавалі падзяліцца досведам у ідэалагічнай барацьбе і пашырыць супрацоўніцтва з расійскімі партнёрамі. Аднак яны не ўлічылі, што Казань прэтэндуе на статус моладзевага цэнтру краін АІС – Арганізацыі ісламскага супрацоўніцтва.
Беларусы глядзеліся цікава сярод 140 дэлегатаў з 30 краін, у некаторых з якіх жанчынам прынята хадзіць у хіджабах – Іран, Пакістан, Самалі, Саудаўская Аравія, Таджыкістан і інш. У прывітальным слове мэр Казані Ільсур Мятшын асобна адзначыў значэнне ісламу для рэгіёну, як «часткі ДНК, яго гісторыі і культуры».
Ён нагадаў, што ў мінулым годзе Рэспубліка Татарстан адзначыла 1100-годдзе прыняцця ісламу Волжскай Булгарыяй, а сёлета святкуецца 200-годдзе з дня выдання ў Казані першага Карана. Адзначалася, што ў адрозненне ад астатняй Расіі, у Татарстане амаль палова з 4-мільённага насельніцтва – гэта моладзь ва ўзросце ад 14 да 35 гадоў. Аб тым, што ісламскія традыцыйныя каштоўнасці – аснова ўстойлівай будучыні, гаварыў і генеральны дырэктар Арганізацыі па пытаннях адукацыі ісламскага свету, доктар Салім бін Мухамед аль-Малік.
Па выніках саміту, які завяршыў сваю працу 30 жніўня, магілёўскія ідэолагі павінны будуць даць справаздачу і «ўкараніць напрацоўкі».