Магілёўскі інстытут рэгіянальных сацыяльна-палітычных даследаванняў распавёў, колькі магілёўцаў плануюць прыйсці і прагаласаваць за свайго кандыдата.
21 ліпеня. Магілёў. Алесь Святліцкі
Сваім грамадзянскім абавязкам ўдзел у выбарах лічаць 69,2% апытаных. Пры гэтым, чамусьці толькі 51,5% збіраецца наведаць выбарчыя ўчасткі (падобна, для 17,7% грамадзянскі абавязак – не падстава выходзіць з хаты).
Такім чынам, лічаць назіральнікі, пазначаны мінімальны парог яўкі:
– Мяркуючы па тым, як праходзіць кампанія, такой яўкі не будзе дакладна. Нікому гэтая кампанія нецікавая, да той жа прэзідэнцкай ў людзей больш увагі. Улады самі сябе абазначылі планку, ніжэй якой афіцыйныя дадзеныя па яўцы наўрад ці апусцяцца. У нашых умовах аўтарытарнага рэжыму сацыялагічным апытанням верыць нельга, – лічыць доўгатэрміновы назіральнік ад Беларускага Хельсінскага камітэта Барыс Бухель.
– Вынікі даследаванняў атрыманы пасля апытання ў траўні-чэрвені 2016 года. Магчыма, перад самымі выбарамі, у пачатку верасня, будуць абвешчаны вынікі яшчэ аднаго апытання за ліпень-жнівень, па якіх мы ўбачым, што прыйсці на выбары хочуць яшчэ больш чалавек, магчыма каля 65%. На папярэдніх парламенцкіх выбарах у Магілёўскай вобласці была зарэгістраваная официальнай яўка ў 79,9%, наўрад ці падчас гэтых выбараў лічба будзе значна менш, – лічыць назіральнік ад Магілёўскага праваабарончага цэнтра Аляксандр Буракоў.
Праваабаронцы адзначаюць, што праз недастатковасць і аднабаковасць інфармацыі на вуліцах і у прэсе, вялікай яўкі ў Магілёве чакаць не варта. Хутчэй за ўсе – каля 30-35% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.