Праваабаронцы «Магілёўскай вясны» ў сваёй перапісцы з медыцынскай службай дэпартамента фінансаў і тыла чакалі розных зыходаў, але толькі не выбарчай слепаты.
15 кастрычніка. Магілёў-Бабруйск. Саша Мінько
Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!
Медыцынская служба Дэпартамента фінансаў і тылу МУС па Магілёўскай вобласці не ўбачыла лістоў жалеза і шклаблокаў на аконных праёмах бабруйскага СІЗА-5, якія мы ўсе бачым на фотаздымках. Дзіўна! Хіба гэта не металічныя шчыты?
А вось і шклаблокі, зафіксаваныя на фота ў ліпені 2015 года фатографам бабруйскага выдання «Камерцыйны кур’ер» (сёння ва ўнутраны двор СІЗА патрапіць немагчыма).
Раней магілёўскія праваабаронцы запатрабавалі ад МУС прывесці ўмовы ўтрымання вязняў у бабруйскім СІЗА №5 ў адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН і беларускімі санітарнымі нормамі.
Часова выконваючы пасаду начальніка Медыцынскай службы Дэпартамента фінансаў і тылу МУС па Магілёўскай вобласці (ДФіТ) Ігар Патапенка паведаміў «Магілёўскай вясне», што абсталяванне аконных праёмаў усіх камер утрымання адпавядае патрабаванням нарматыўных дакументаў.
БАБРУЙСКАЕ СІЗА – САМАЕ АГІДНАЕ?
Праўда, кіруючы супрацоўнік дэпартамента МУС, на жаль, ні словам не абмовіўся аб Мінімальных стандартных правілах ААН у дачыненні абыходжання са зняволенымі. Падобна на тое, што міліцыянты свядома маўчаць пра гэты дакумент, разумеючы, што парушаюць яго палажэнні.
Затое раскрыліся іншыя цікаўныя падрабязнасці ўладкавання бабруйскага СІЗА – ДФіт адмовіўся «бачыць» жалезныя шчыты на вокнах, затое прызнаў наяўнасць «вейчыкаў».
Вейчыкі – металічныя палоскі шырынёй 5-6 сантыметраў, прывараныя да кратаў з вонкавага боку акна пад вуглом 45 градусаў. Гэтыя металічныя пласціны ператвараюць турэмны камеру ў каменны мех. На фота з-за тоўстых сцен старадаўняга будынка “вежы Оппермана”, у якім размешчана СІЗА-5, іх не відаць.
Але Патапенка піша, што яны ёсць: «рашоткі, а таксама металічныя палоскі аконных шчытоў-жалюзі, размешчаныя пад вуглом, не выключаюць інсаляцыю камер».
Такім чынам, бабруйскае СІЗА можа прэтэндаваць на статус найгоршага ў краіне. Вось так выглядае акно бабруйскага СІЗА №5 – гэта “сэндвіч” з рашотак: сетка-рабіца, жалезныя краты, усярэдзіне сцяны металічныя жалюзі і яшчэ краты ўнутры камеры.
Еўрапейскі суд па правах чалавека, разглядаючы адзін з кейсаў вязня з Санкт-Пецярбурга, прызнаў, што менавіта металічныя жалюзі, аканіцы, перакладзіны або пласціны, якія замацаваны на вокнах, перашкаджаюць доступу зняволеных да натуральнага святла і трапленню свежага паветра ў памяшканне. Гэта пазбаўляе чалавека пад вартай базавых элементаў жыцця, якімі яны маюць права карыстацца. Па гэтай прычыне нават у Расеі яны па-за законам. Але ў Беларусі дагэтуль выкарыстоўваюцца.
ДФіТ ў асобе Патапенка прызнаў, што вымярэнні Каэфіцыента натуральнай асветленасці ў камерах СІЗА не праводзіліся – нібыта, немагчыма выканаць методыку. Гэта ўжо стандартны і трохі абсурдны адказ: усё ў норме, але замеры не праводзіліся, бо іх немагчыма правесці.
ПРАКУРАТУРА ПАЦВЯРДЖАЕ. АЛЕ НЕ РЭАГУЕ
Пасля звароту праваабаронцаў «Магілёўскай вясны» пракуратура Бабруйска правяла пазапланавую праверку СІЗА.
Намеснік пракурора горада Аляксандр Канецкі па яе выніках паведаміў, што «камеры, у якіх знаходзяцца асобы, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА-5, абсталяваныя натуральным (пасродкам аконных праёмаў) і штучным (пасродкам свяцільнікаў са святлодыёднымі лямпамі) асвятленнем».
Запомнім гэта словазлучэнне – «з дапамогай аконных праёмаў». Тут не гаворыцца пра рэальнае вакно, толькі пра праём.
Дысананс становіцца зразумелым у наступным абзацы: «аконныя праёмы камер абсталяваны агароджай кратаванага запаўнення з магчымасцю адкрыцця, звонку – сталёвай супрацьзбегавымі і ахоўнымі сеткаватымі кратамі, шчытамі-жалюзі са светапрапускной здольнасцю».
Іншымі словамі, Канецкі кажа пра тое, што ёсць аконны праём і ў ім ёсць акно, але яно забарыкадавана тым самым “сэндвічам” з кратаў, пра які пісаў выконваючы пасаду начальніка медслужбы ДФіТ. Ці ўзгадаў намеснік пракурора горада Бабруйска пра міжнародныя нормы? Не.
Далей Канецкі пазначыў, што названае абсталяванне адпавядае патрабаванням тэхнічнага кодэкса, зацверджанага загадам МУС Беларусі ад 05.05.2011 года. Па ўсёй бачнасці, гаворка ідзе аб засакрэчаным дакуменце ТКП 310-2011 «Будынкі, збудаванні следчых ізалятараў, арыштных дамоў і турмаў», пра які мы нядаўна пісалі
Канцоўка ліста намеснік пракурора горада Бабруйска прадказальная. Зрабіць замеры натуральнага асвятлення ў камерах ў ходзе праверкі не прадставілася магчымым, бо методыка вымярэння прадугледжвае вызваленне камер ад мэблі і санітарна-тэхнічнага абсталявання. Гэта значыць, што бабруйскае СІЗА №5 ніколі не правяралася на адпаведнасць санітарным нормам і наўрад ці яны калі-небудзь выконваліся.
Як выправіць сітуацыю, калі нават намеснік пракурора распісаўся ва ўласным бяссіллі?
Між тым, такая сітуацыя характэрна для ўсёй Беларусі. Усяго ў сістэме ДВП дзевяць такіх устаноў: тры турмы – у Магілёве, Гродне і Жодзіна; шэсць СІЗА – у Мінску, Брэсце, Віцебску, Гомелі, Баранавічах і Бабруйску. У іх утрымліваецца больш за 6 тысяч чалавек. Каб сітуацыя зрушылася з мёртвай кропкі, праваабаронцы звярнуліся наўпрост у МУС.