За непрыгожай назвай ТКП 310-2011 змяшчаюцца нормы, якія датычацца тысяч людзей па ўсёй краіне. Але даведацца, што менавіта там прапісана, надзвычай складана.

1 кастрычніка. Магілёў. Саша Мінько


ТКП – гэта тэхнічны кодэкс існуючай практыкі. Фактычна гэта дакумент, у якім прапісаны тэхнічныя патрабаванні да эксплуатацыі будынкаў. ТКП, які рэгламентуе ўладкаванне СІЗА і турмаў, засакрэціла МУС.

Упершыню аб ТКП 310-2011 праваабаронцы даведаліся пасля звароту ў Дэпартамент выканання пакаранняў з патрабаваннем прывесці ўмовы ўтрымання вязняў у магілёўскім СІЗА ў адпаведнасць з Мінімальнымі стандартнымі правіламі ААН у дачыненні абыходжання з зняволенымі (МСП).

Вокны СІЗА зачыненыя суцэльнымі металічнымі лістамі альбо завараныя так званымі металічнымі жалюзі – палоскамі шырынёй 5-6 сантыметраў пад вуглом 45 градусаў. З-за іх у камеру не трапляе натуральнае святло, а пастаянны паўзмрок і лямпы дзённага святла прымусілі апрануць акуляры нямала раней здаровых вязняў.

Вышэй апісаныя ўмовы ўтрымання парушаюць акрамя міжнародных правілаў МСП яшчэ і айчынныя санітарныя нормы. Пра гэту праблему праваабаронцы «Магілёўскай вясны» праінфармавалі кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Іх заява была перанакіравана ў МУС Беларусі. Каля месяца таму праваабаронцы атрымалі цікавы адказ за подпісам часова выконваючага пасаду начальніка Упраўлення тылавога забеспячэння ДВП МУС Рэспублікі Беларусь Георгія Самончыка.

У лісце паведамлялася, што Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў і іншымі заканадаўчымі актамі замацаваныя патрабаванні да абсталявання камер у турмах, у адпаведнасці з якімі на вокны камер ўсталёўваюцца металічныя зварныя рашоткі, а пры неабходнасці – шчыты-жалюзі. І, аказваецца, гэта адпавядае патрабаванням п.6.2.2.9 ТКП 310-2011 «Будынкі, збудаванні следчых ізалятараў, арыштных дамоў і турмаў».

Далей адбывалася нешта дзіўнае, сведчыць праваабаронца Аляксандр Буракоў. Азнаёміцца ​​з пунктам 6.2.2.9 ТКП 310-2011, на які ў афіцыйным адказе спасылаецца адзін з кіраўнікоў ДВП, аказалася немагчыма. У электронных банках дадзеных прававой інфармацыі гэтага дакумента няма.

Прыйшлося нават схадзіць у Магілёўскую абласную навукова-тэхнічную бібліятэку – філіял РНТБ, але і гэта не прывяло да поспеху. Бібліятэкары звярнуліся ў Мінск у РНТБ і вынік збянтэжыў нават сталічных спецыялістаў – тэксту дакумента ТКП 310-2011 «Будынкі, збудаванні следчых ізалятараў, арыштных дамоў і турмаў»  нідзе няма, хоць відаць, што ён існуе.

Пра тое, што дакумент – сакрэтны, стала зразумела пасля далейшага звароту праваабаронцаў па дапамогу ў абласную Грамадскую назіральную камісію пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама. Запыт быў пераадрасаваны ў абласное ўпраўленне ДВП, і начальнік гэтай службы растлумачыў, што ТКП 310-2011 адносіцца да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання.

Атрымліваецца, адзначае Буракоў, адзін з чыноў МУС спаслаўся на дакумент, які яго ж ведамства і засакрэціла. Але ў гэтым доўгім ланцужку перапіскі ёсць і вельмі важны пазітыўны момант. Упершыню стала відавочна, што менавіта і чаму супярэчыць ў беларускім заканадаўстве.

Правілы ўнутранага распарадку папраўчых устаноў зацверджаны Міністэрствам унутраных спраў.

Яны супярэчаць Санітарным нормам і правілам, якія, у сваю чаргу, зацверджаным Міністэрствам аховы здароўя.

Вось такая прававая калізія, якую давядзецца вырашаць.