Паляванне на 6ТВ. Прычым тэрарызм да магілёўскага сайта?

Праграміста сайта 6tv.by завербавала КДБ, каб папаляваць на галоўнага рэдактара партала Дзмітрыя Салаўёва. Наш карэспандэнт сустрэўся з ім і ўзяў невялікае інтэрв’ю.

MSPRING.MEDIA: – Дзмітрый, першае пытанне гэта, вядома, ці ведалі Вы пра вярбоўку вашага супрацоўніка Канстанціна Латушкіна?

Дзмітрый Салаўёў: – Не. Аб ўсёй гэтай гісторыі з ператрусам, допытам у КДБ і вярбоўцы я даведаўся з публікацыі на mspring.media.

Wasted. Як КДБ завалодаў паролямі ад магілёўскага партала 6TV і не змог з імі справіцца

Па-першае, трэба разумець, што Косця Латушкін не меў аніякага дачынення ні да тэкстаў на сайце, ні да стварэння кантэнту на нашым Youtube-канале. А па-другое, з-за пастаяннай яго занятасці апошнія некалькі месяцаў я наогул прыцягваў іншых спецыялістаў для вырашэння тэхнічных задач на сайце. Гэта значыць, можна сказаць, што апошнія некалькі месяцаў ён з намі ўжо не працаваў.

Пераслед Латушкіна з большага было бессэнсоўным, ён нават пры моцным сваім жаданні не мог распавесці нейкіх таямніц проста таму, што ён іх не ведаў. Нават тыя паролі, што ён перадаў супрацоўнікам КДБ, не далі б кантролю над сайтам. Але ён малайчына. Як спецыяліст, ён пры здачы пароляў прама пры супрацоўніках КДБ ўнёс памылку ў код, каб сайт проста «лёг». І тады мы зразумелі, што нешта здарылася.

– Супрацоўнікі УКДБ па Магілёўскай вобласці мелі на руках пастанову на ператрус у кватэры Латушкіна ў сувязі з узбуджэннем крымінальнай справы па артыкуле «Тэрарызм». Адкуль магло ўзяцца такое абвінавачванне супраць 6tv.by?

– Гэта мне не зразумела абсалютна. Да мяне ніякіх такіх прэтэнзій не было. Але тут трэба згадаць гісторыю з ператрусам 28 ліпеня ў нашага рэдактара Барыса Вырвіча. У яго канфіскавалі ўсю тэхніку і потым павезлі яго ў міжраённы КДБ у Шклове, дзе паведамілі, што ён праходзіць у якасці сведкі па справе аб тэрарызме.

Пры гэтым спецслужбы спярша цікавіліся, ці не падпісаны ён на дэструктыўныя тэлеграм-каналы. А потым ужо задавалі пытанні па нашым сайце і па дзейнасці БАЖ (Беларуская асацыяцыя журналістаў). Атрымліваецца, спачатку палохаюць артыкулам аб тэрарызме, а потым вывуджваюць інфармацыю на зусім адцягненыя тэмы.

– Калі Вы былі на допытах, якія абвінавачанні меліся ў работнікаў сілавых органаў?

– Пачнем з таго, што я быў толькі ў магілёўскім ГУБАЗіК, і, як ні дзіўна, самімі міліцыянтамі гэта называлася «на гутарцы». Нават не допыт у класічным разуменні гэтага слова. У мяне ж няма ніякіх папер ад іх – ні пратаколаў, ні позваў, нічога.

Я ведаю, што туды цягалі многіх герояў нашых перадачаў. Мне супрацоўнікі гэтай сілавой структуры «на гутарцы» пагражалі завядзеннем крымінальнай справы па артыкуле 361 КК «Заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь», санкцыя якой прадугледжвае пакаранне да пяці гадоў пазбаўлення волі. Каб крымінальнай справы не было, яны прапанавалі адключыць сайт 6tv.by і наш Youtube-канал, альбо прыбраць адтуль ўсе крытычныя матэрыялы.

Сайт іх цікавіць у меншай ступені, бо яго можна заблакаваць на тэрыторыі Беларусі. А вось праграм на Youtube яны баяцца, бо нічога з ім не могуць зрабіць. На выдаленне сайта і Youtube-канала яны далі мне пяць дзён, пасля чаго я павінен быў зноў прыйсці ў ГУБАЗіК на чарговую “гутарку”, каб зрабіць справаздачу. Але замест гэтага я вырашыў часова пакінуць тэрыторыю краіны.

– На допыце ад Латушкіна не хавалі, што мэтай іх агентурнай гульні было вылавіць асабіста рэдактара 6tv.by, гэта значыць, Вас. Вы адчуваеце сябе ў бяспецы?

– Я вылецеў цалкам адкрыта з мінскага аэрапорта. Гэта значыць, што ніякіх абыходных дарог, ніякіх нелегальных перасячэнняў мяжы я нават не разглядаў. Вядома, праверка пашпарта была некалькі нервовай для памежнікаў, на працягу прыкладна хвілін дзесяці яны нешта ўдакладнялі. Але нават ніякага паглыбленага агляду, як гэта практыкуецца з актывістамі апазіцыі, у мяне не было. Гэта значыць, ніякіх прэтэнзій да мяне не было, я чысты перад законам.

І тут яшчэ трэба высветліць сітуацыю з ператрусам у студыі 6tv.by. Так, на самай справе ў нас канфіскавалі з офіснага памяшкання ўсю тэхніку, на якой могуць быць носьбіты інфармацыі – кампутары, смартфоны, дыскі і г.д. Але што важна – усё гэта было не ў рамках справы супраць 6tv.by і нават не ў рамках проста нейкай крымінальнай справы. Падставай для ператрусу стала «адміністратыўка» у дачыненні да журналіста Алеся Асіпцова, які з намі нават не супрацоўнічаў. Нібыта сілавікам падалося, што тэхніка Асіпцова магла захоўвацца ў нас на офісе.

Ніякіх доказаў правапарушэнняў або доказаў, або нават намёкаў у міліцыі супраць нас няма. Мы проста рабілі сваю журналісцкую працу. Адзінае, што яны могуць зрабіць, – гэта проста прыдумаць якое-небудзь злачынства, бо артыкулы КК тлумачацца цяпер занадта шырока. Таму я і вырашыў часова пераехаць у іншае месца. І так, сёння я сябе адчуваю ў бяспецы, усё нармальна.

– Што тычыцца журналістаў партала, іх выклікалі ў КДБ? І што будзе з сайтам далей?

– Пагроза журналістам ёсць з боку ГУБАЗіК, а за КДБ мне цяжка казаць бо я асабіста там не быў. Цяпер занадта розныя структуры ўзбуджаюць нейкія розныя справы, хоць прычын ніякіх на гэта няма.

Калі крымінальную справу па артыкуле 361 КК узбудзяць супраць мяне, то журналісты пойдуць, што называецца, «паравозам». Акрамя таго, у ГУБАЗіК пагражалі яшчэ тым, што эфіры з нашага канала ў Youtube перададзены на экспертызу і можа быць распачата крымінальная справа ўжо па іншым артыкуле. Вядучыя ў эфіры называлі нейкія прозвішчы сілавікоў, а гэта можа трактавацца цяпер, напрыклад, як распальванне варожасці альбо яшчэ якое-небудзь дзікае абвінавачванне.

Так што ўсе, каму пагражае расправа з боку сілавікоў, сёння знаходзяцца ўжо не ў Беларусі. У дадзены момант мы рыхтуемся працягнуць вяшчанне з-за мяжы. Наш ад’езд трэба разумець не як уцёкі, а як абранне іншы лакацыі для працы. Наша выязная брыгада ўжо афармляе студыю. Вядома, прыйдзецца яшчэ вырашыць шэраг бягучых праблем, але думаю, у верасні мы пачнем новы сезон.