Wasted. Як КДБ завалодаў паролямі ад магілёўскага партала 6TV і не змог з імі справіцца

Гісторыя пра тое, як праграміст сайта 6tv.by трапіў у лапы КДБ, але змог з іх вырвацца.

Канстанцін Латушкін ніколі не меў дачынення ні да напісання тэкстаў, ні да стварэння відэакантэнту. Ён, як праграміст, проста абслугоўваў па замове кліентаў інтэрнэт-старонкі. І ўсё было добра, пакуль да яго па дапамогу не звярнулася рэдакцыя магілёўскага грамадска-палітычнага партала «Магілёўскі Рэгіён» 6tv.by. Стандартнае супрацоўніцтва дорага абышлося ва ўмовах прававога дэфолту.

29 ліпеня Канстанцін прыйшоў дадому пасля ранішняй трэніроўкі. Стаў рыхтаваць сняданак сабе і двухгадоваму сыну (а ў сям’і, між тым, двое дзяцей), як мікрахвалеўка падала знак аб тым, што электрычнасць раптам адключылася. Тут жа пачуўся стук у дзверы. Аказалася, што шасцёра сілавікоў адключылі электрычнасць ва ўсіх кватэрах, каб патрапіць да праграміста дадому.

СХАВАЎ НОЎТБУК У ЗАПЛЕЧНІКУ ДЗІЦЯЦІ

Госці былі ў цывільным. Пазней атрымалася ўсталяваць, што чацвёра з іх былі звычайнымі міліцыянтамі, якія ахінуліся ў свае маскі так, што відаць былі толькі вочы.

Канстанцін Латушкін

Яшчэ двое – супрацоўнікі УКДБ па Магілёўскай вобласці, якія твараў не хавалі. У руках у іх была пастанова на ператрус у кватэры ў сувязі з узбуджэннем крымінальнай справы па артыкуле за “Тэрарызм“.

За панятымі яны збегалі ў бліжэйшы магазін, пачалі ператрус. Канстанцін Латушкін паступіў нетрывіяльна: пакуль чэкісты пагражалі яму рэальнай адпраўкай у СІЗА, ён спакойна змясціў сваю працоўную машыну – вялікі MacBook – ў рэчы дзяцей і на вачах у КДБ-шнікаў вывеў іх да ліфта – пагуляць з мамай на вуліцы.

Службістам жа ён прапанаваў паглядзець і канфіскаваць два старых кампутара, з якіх працаваў усяго адзін.

Затым супрацоўнікі абласной управы КДБ запатрабавалі ў сваёй ахвяры тэлефон, які быў вычышчаны таксама прама ў іх на вачах, пакуль Канстанцін, які адкрыў дзверы ў адных трусах, апранаўся. З разумным выглядам спецагенты праглядзелі ўсю кватэру, але, вядома, ні апазіцыйнай сімволікі, ні зброі, ні наркотыкаў не знайшлі. Гэта значыць, не знайшлі наогул нічога – і нават аддалі тэхніку. Але з сабой усё ж забралі самога Канстанціна.

ЗА ЛАТУШКІНЫМ САЧЫЛІ. МЭТА – САЙТ

А далей было самае цікавае. Прыкладна ў 11.00 усе разам паехалі ў вядомы будынак на вуліцы Піянерскай – галоўны абласны офіс КДБ, і там пачаўся допыт, падчас якога высветлілася, што распарадак дня Латушкіна быў даўно вядомы чэкістам – тыя за ім сачылі.

Яны прама прыгразілі, што раз палова рэдакцыі 6tv.by на чале з галоўным рэдактарам Дзмітрыем Салаўёвым пакінула Беларусь, сядзець у СІЗА будзе менавіта Латушкін. Праўда, якім бокам да тэрарызму адносіцца звычайны гарадской партал навінаў – невядома.

Але тут жа быў прапанаваны і выхад. Агенты правінцыйнага аддзялення спецслужбы вырашылі пачаць сваю гульню. Але, праўда, няхітрую. Шантажом і пагрозамі яны запатрабавалі даць ім паролі ад сайта, каб самім кантраляваць яго кантэнт. Атрымаўшы запаветныя дадзеныя, яны палічылі, што займелі праграміста ў свае рукі ў абмен на выхад на волю.

Мэту ўсёй камбінацыі яны не хавалі – любымі метадамі вылавіць асабіста рэдактара 6tv.by Дзмітрыя Салаўёва.

Але раптам высветлілася, што сайт рэзка перастаў працаваць, і што з гэтым рабіць, нават маючы паролі, ніхто не ведае. А Салаўёў, як ні ў чым не бывала, працягваў спакойна камунікаваць з калегамі, разумеючы, што прад’явіць яму асабліва няма чаго.

Засмуціла агентаў і тое, што па абавязку службы Латушкін ня перасякаўся ні з кім з журналістаў, таму нічога пра іх вывудзіць не ўдалося.

Пасля працяглай гутаркі, атрымаўшы агентурнае імя “напрыклад, Іваноў“, Канстанцін Латушкін, бацька дваіх непаўналетніх дзяцей, выйшаў на волю толькі пасля сямі вечара, прычым не атрымаў на рукі ніякіх дакументаў. Паабяцаўшы, вядома, што будзе дапамагаць супрацоўнікам КДБ ўсім, чым зможа.

WASTED

Аднак кар’ера Джэймса Бонда яго не цікавіла. У той жа дзень ён забраў свой неабходны для працы MacBook і адправіўся ў адну з еўрапейскіх краін рыхтаваць плацдарм для жонкі і дзяцей. У мінулыя выходныя яны таксама паспяхова прызямліліся ў адной са сталіц, дзе пра Беларусь ўспамінаюць у асноўным як пра рэпрэсіўную машыну ў цэнтры Еўропы.

Нехта “Алег”, супрацоўнік КДБ, увесь час спрабаваў даведацца, што ж здарылася і рэгулярна слаў паведамленні ў Viber.

А здарыўся ўсяго толькі правал – нават завалодаўшы паролямі ад сайта, у супрацоўнікаў КДБ не ўдалося ўзяць кантроль ні над ім, ні над рэдакцыяй.

Wasted.