«Вячорачка» назаўжды.

Выкарыстанне мовы варожасці ў трэцім квартале 2017 года характарызуецца асаблівасцю інфармацыйнага поля, у якім значную колькасць ўвагі СМІ надалі ўборачнай кампаніі, у сувязі з чым у выданнях райцэнтраў сустракалася адносна малая колькасць навін, звязаных з уразлівымі групамі.

Найбольш распаўсюджанымі ў трэцім квартале сталі выпадкі ўжывання мовы варожасці па этнічнай і гендэрнай прыкмеце, што вызначаецца традыцыяналісцкімі падыходамі да журналістыкі ў раённых цэнтрах. 

Найбольш жорсткі hate-speech сустракаецца ў адносiнах да нацыянальнасцi рома, якая з падачы праваахоўных органаў расцэньваецца як блізкая да крыміналу група патэнцыйных парушальнікаў. Сістэмнасць дадзенага падыходу становіцца відавочнай пры вывучэнні многіх выданняў. Выкарыстоўваюцца аднолькавыя рытарычныя канструкцыі і прыёму, што сведчыць аб шырыні праблемы, якая ў тэорыі можа прывесці да нарастання напружанасці ў адносінах паміж рознымі групамі грамадзян па нацыянальнай прыкмеце.

Акрамя таго, вылучаецца выданне «Вячэрні Магілёў», якое напрацягу ліпеня, жніўня і верасня было асноўнай крыніцай мовы варожасці ў рэгіёне сярод зарэгістраваных СМІ. Рэдакцыя не толькі не адыйшла ад практыкі выкарыстання негатыўных прапагандысцкіх канструкцый у адносінах да розных груп, арганізацыям і нават краін і груп краін, але і павялічыла колькасць інфармацыі, у якой прысутнічаюць элементы hate-speech.

Разам з тым, рэакцыя грамадскасці дазволіла ўпершыню за доўгі час прымусіць газету рэагаваць на крытыку з-за мовы варожасці. У прыватнасці, быў выдалены адзін з матэрыялаў, які нёс тэндэнцыйны негатыўны характар у дачыненні да групы людзей на падставе іх сэксуальнасці.

У іншых выданнях абласнога і гарадскога ўзроўню падобных матэрыялаў заўважана не было, што ў чарговы раз пацвярджае той факт, што выкарыстанне мовы варожасці ў газеце «Вячэрні Магілёў» – гэта спланаваная рэдакцыйная палітыка.