Па разліках арганізатараў, ён павінен сабраць каля тысячы чалавек.

24 лютага. Магілёў. Алесь Святліцкі


23 лютага прадстаўнікі мясцовай апазіцыі на агульным сходзе дамовіліся падтрымаць агульнанацыянальную кампанію і сумесна правесці акцыю пратэсту супраць Дэкрэта №3. На сустрэчы прысутнічалі палітык Ігар Барысаў (БСДП-Грамада), магілёўскі каардынатар руху «За Свабоду» Аляксандар Сілкоў, лідэр магілёўскіх хрысціянскіх дэмакратаў Алег Аксёнаў і кіраўнік абласной арганізацыі АГП Уладзімір Шанцаў.

Паводле задумы палітыкаў, акцыя пачнецца каля дома па адрасе вул. Ленінская, 29 у 18:00. Пасля мітынгу плануецца шэсце да плошчы Зорак. Акрамя выступаў палітыкаў і незадаволеных грамадзян, будзе таксама арганізаваны збор подпісаў.

– Падчас мінулага мітынгу нам удалося сабраць за кароткі час каля васьмісот подпісаў. Прычым людзі самі прыходзілі і прасілі даць ім падпісныя лісты, самі збіралі подпісы, – выказаўся Уладзімір Шанцаў.

Арганізатары не выключаюць, што ў акцыі возьмуць удзел магілёўскія праваабаронцы, да якіх людзі змогуць падысці і дамовіцца аб юрыдычнай дапамозе па пытаннях «падатку на дармаедства».

У заяве на правядзенне масавага мерапрыемства, ініцыятары мітынгу і маршу вырашылі не прасіць ва ўладаў дазволу для яго правядзення, а проста абвясціць іх.

– У адпаведнасці з Канстытуцыяй, нам гарантавана права на свабоду мірных сходаў. На свабоду, а не на прашэнне дазволу ў мясцовых уладаў, – заўважыў Алег Аксёнаў.

24 лютага ў гарвыканкам была накіравана адпаведная папера. Незалежна ад адказу адміністрацыі, палітыкі маюць намер усё роўна вывесці людзей на вуліцы 15 сакавіка, каб падтрымаць агульнанацыянальную кампанію за адмену Дэкрэта №3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”.