Заяўка ўжо пададзеная ў гарвыканкам.

7 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Магілёўскі аргкамітэт святкавання юбілейнага Дня Волі накіраваў гарадскім уладам заяўку на правядзенне пікету 25 сакавіка.

Па словах аднаго з заяўнікаў Алеся Сілкова, сабраць людзей плануецца на Плошчы Зорак:

Алесь Сілкоў

Як правіла, заяўку трэба падаваць за 15 дзён да правядзення мерапрыемства, але мы падлічылі, што 10 сакавіка – выходны, а пасля выходных часу ўжо не застанецца. Таму вырашылі дзейнічаць зараз. Аргкамітэт даручыў накіраваць дакумент мне і Алегу Аксёнаву. Гэта вялікае свята, якое павінна аб’яднаць людзей, таму лагічна, што яго варта правесці ў цэнтры Магілёва,- распавёў Сілкоў.

Час правядзення, які адзначаны ў заяўцы – з 12 да 14 гадзін дня. Арганізатары вырашылі прапісаць невялікую колькасць удзельнікаў – усяго дзесяць чалавек.

Раней усе мітынгі, месцам правядзення якіх вызначалі цэнтр Магілёва, адобраны не былі. Аднак цяпер сітуацыя змянілася, мяркуе Алесь Сілкоў:

– У Мінску дазволілі святкаваць у цэнтры горада. Вядома, хутчэй за ўсё нам зноў прапануюць адправіцца ў рэзервацыю на стадыён па вуліцы Чалюскінцаў, але ўсё-такі ў нас ёсць надзея, што тэндэнцыя змянілася і ўлады прымуць наш варыянт. Тым больш што пытанні, звязаныя са святкаваннем стагоддзя БНР, думаю, вырашаюцца не мясцовымі чыноўнікамі, а узроўнем вышэй,- выказаў надзею заяўнік.

Акрамя пікету, у Магілёве ў гонар Дня Волі збіраюцца праводзіць лакальныя канцэрты, экскурсіі і конкурсы. Аб усіх мерапрыемствах стане вядома падрабязней на наступным тыдні.