Магілёўскія праваабаронцы, журналісты і актывісты сумесна дамагаюцца дазволу на фота і відэаздымку падчас судовых працэсаў.

6 красавіка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Магілёўскія праваабаронцы Барыс Бухель і Аляксандр Хамратаў, журналісты Уладзімір Лапцэвіч, Аляксандр Буракоў, Максім Алямоўскі і Аліна Скрэбунова, а таксама актывісты Станіслаў Павлинкович, Віктар Грэкаў, Аляксандр Шаўцоў і Аляксей Паўлоўскі паскардзіліся на забарону фота і відэаздымкі падчас суду над Станіславам Паўлінковічам 2 красавіка.

Яго аштрафавалі на пяць базавых велічыняў (122,5 рубля) за непадпарадкаванне міліцыі, хоць сам актывіст заяўляў пра палітычны характар суда. Напачатку працэса ён прасіў суддзю Літвіну дазволіць фота і відэаздымкі, аднак яна адмовіла. Сваё рашэнне яна матываваць не захацела.

Сем з дзесяці заяўнікаў з’явіліся 6 красавіка да старшыні суда, каб разгляд скаргі праходзіў з іх удзелам. Галіне Кужалявайпрыйшлосяразглядацькожнуюскаргупаасобкуна працягу ўсёй пятніцы, 6 красавіка.

Усе заяўнікі прасілі фіксаваць працэс на фота і відэа, але Кужалява адмовіла без якіх-небудзь тлумачэнняў. Таксама яна адмовілася выклікаць суддзю Літвіну, каб яна патлумачыла матыў сваёй адмовы 2 красавіка.

У адказ на гэта практычна кожны з просьбітаў заявіў старшыні суда адвод, якія яна не прыняла. Па выніку было адмоўлена па ўсіх дзесяці скаргах.

Праваабаронца Барыс Бухель назваў масавае абскарджанне стратэгічным працэсам:

– Наша мэта – змяніць практыку, калі суддзя на сваё меркаванне адмаўляе ў фота і відэаздымцы. Ёсць пастанова Пленума Вярхоўнага суда аб забеспячэнні галоснасці ў судах, у якой выразна паказваецца, што такая забарона можа быць толькі тады, калі супраць адзін з бакоў, ці гэта парушае недатыкальнасць асабістага і сямейнага жыцця; гонару і годнасці; таямніцы перапіскі, розных перамоваў, якія змяшчаюць звесткі асабістага характару. Мы проста будзем масава падаваць скаргі кожны раз, калі суддзі будуць вось так сваволіць. Калі судам прасцей тануць у скаргах, чым працаваць паводле закона, значыць яны будуць тануць. Таксама разгляды гэтых скаргаў выявілі шмат прабелаў і прававой нявызначанасці ў главе 7 ПВКаАП, якая рэгулюе парадак разгляду скаргаў на дзеянні суддзяў у судовых адміністрацыйных працэсах. Інфармацыю аб б гэтым мы сваімі далейшымі скаргамі і зваротамі данясем да старшыні Магілёўскага аблсуда і Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь, каб яны прынялі адпаведныя меры па ліквідацыі выяўленых недахопаў.

Праваабаронца Аляксандр Хамратаў пацвярджае пазіцыю калегі:

– Гэта не проста масавае абскарджанне, гэта яшчэ і акт пратэсту супраць беззаконня ў судах.

У бліжэйшы час яны маюць намер абскардзіць старшыні Магілёўскага аблсуда забарону на фота і відэаздымку ўжо з боку Галіны Кужалевай. Таксама будзе абскарджвацца адмова запрасіць у якасьці сведкі суддзю Літвіну.