Беларусы запатрабавалі прыраўняць суткі ў СІЗА да двух сутак у калоніі. Петыцыя пададзеная – што далей?

Петыцыя ніяк не звязаная з выбарамі, але, у выпадку станоўчага выніку, можа быць карыснай у будучым Сяргею Ціханоўскаму і Віктару Бабарыке.

23 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько


 У Адміністрацыю прэзідэнта і Палату прадстаўнікоў больш за тысячу грамадзян накіравалі петыцыю з патрабаваннем унесці змены ў артыкул 75 Крымінальнага кодэкса, якая называецца “Правілы заліку тэрмінаў утрымання пад вартай і дамашняга арышту”.

Прапануецца прадугледзець, каб пры асуджэнні асобы адзін дзень утрымання пад вартай (у СІЗА) адпавядаў бы двум дзён арышту або пазбаўлення волі, а ў выпадку абмежавання волі – тром дням.

Зараз час дзень у СІЗА прыраўноўваецца да аднаго дня арышту або пазбаўлення волі, а ў выпадку абмежавання волі – да двух дней. Пры гэтым, як адзначаюць заяўнікі, умовы ўтрымання пад вартай падазраваных і абвінавачаных у следчых ізалятарах з’яўляюцца часам невыноснымі – на практыцы яны нашмат больш суворыя, чым у папраўчых калоніях і могуць быць прыроўненыя да адбыцця пакарання ва ўмовах турэмнага рэжыму.

Аўтары петыцыі акцэнтуюць увагу на тым, што жорсткія ўмовы ў СІЗА з самага пачатку аказваюць на зняволеных прамы псіхалагічны ціск, прама садзейнічаюць прызнанню віны ў здзяйсненні злачынстваў пры існуючай у рэальнасці невінаватасці.

І такія вымушаныя прызнанні дазваляюць скараціць тэрмін судовага працэсу, а таксама прадастаўляюць магчымасць вызвалення па амністыі пасля вынясення прысуду, тады як хадайніцтва і скаргі, насупраць, падаўжаюць іх змяшчэнне ў цяжкіх умовах.

Унясенне зменаў у дзеючыя нарматыўныя акты аўтары петыцыі называюць мінімальным высілкам хаця б частковага выпраўлення сітуацыі.

Тэкст дакумента ў апошнія дні траўня распаўсюдзілі праз сацсеткі актывісткі кампаніі «Наша права», створанай сваякамі асуджаных. Агітацыя адпаведна ішла ў групах, створаных для камунікацый вакол папраўчых калоній краіны.

ЗА ДВА ТЫДНІ ПАДПІСАЛАСЯ 1138 ЧАЛАВЕК

Паралельна сваякі асуджаных пісалі і асабістыя звароты ў розныя дзяржаўныя інстанцыі. Так, напрыклад, Вярхоўны Суд ужо адказаў актывістцы Іне Лапушка, што просьба аб карэкціроўцы заканадаўства «задаволеная быць не можа». Намеснік старшыні найвышэйшага судовага органа растлумачыў, што Вярхоўны Суд не валодае правам заканадаўчай ініцыятывы, а аргументы заяўнікаў «прыняты да ведама».

Генеральная пракуратура таксама яе зварот «прыняла да ведама і выкарыстання ў працы». З Савета Міністраў яе зварот быў перасланы ў МУС, а Канстытуцыйны Суд проста паслаў яе ў Палату прадстаўнікоў. Такім чынам, кола замкнулася.

Здаецца, Адміністрацыя прэзідэнта даўно стала апошняй і адзінай інстанцыяй, здольнай паўплываць хоць на што-небудзь у краіне.