Уладзіслаў Казакевіч, які б’е завострываннем у галаву ахоўніка, – гэта ўсяго толькі эпізод. Рэальная карціна куды красамоўней.

13 кастрычніка. Шклоў. Ігар Лазоўскі


Папраўчая калонія №17 прызначана для людзей, якія ўпершыню адбываюць пакаранне. Усяго ў калоніі каля 1200 зняволеных на агульным і ўзмоцненым рэжыме. Пра шклоўскую ПК добра ведаюць нават у Еўропе – менавіта там у свой час адбывалі тэрмін палітвязні Мікалай Статкевіч і Арцём Пракапенка, праваабаронца Андрэй Бандарэнка.

У апошні час ПК №17 зноў займае вядучае месца ў стужках інфармагенцтваў і газетных палосах. За апошні год было мінімум чатыры выпадкі, калі пра калонію гаварыла ўся краіна.

Суіцыд Карася

У студзені 2017 года стала вядома, што зняволены Міхаіл Т. з мянушкай Карась павесіўся ў штрафным ізалятары, у камэры №10.

Перад гэтым ён вярнуўся з магілёўскай турмы №4 – так званай “крыткі”, на якую адпраўляюць у выпадку парушэнняў з боку зняволенага. Пасля вяртання ён падпісаў паперы аб правапаслухмяных паводзінах. Невядома, што здарылася пасля, але, па інфармацыі праваабаронцы Мікіты Ліхавіда, Карасю пачалі пагражаць перавесці з калоніі назад у турму:

 Пасля таго, як правяральны з Дэпартамента выканання пакаранняў пачаў яму пагражаць, што адправіць яго назад у турму, Міхаіл сказаў, што не будзе слухаць за спіной, што ён «паскуддзе»,«пераабуўся» і гэтак далей. А ноччу павесіўся, – распавёў тады Ліхавід у каментары нашаму сайту.

Потым было апублікавана імя супрацоўніка Дэпартамента выканання пакаранняў, пасля размовы з якім Карась здзейсніў самагубства, – маёр Аляксей Курашоў.

Больш нічога невядома – у адкрыты доступ інфармацыя аб выніках расследавання інцыдэнту не трапіла.

Уцёкі на пагрузчыку

5 чэрвеня трое вязьняў, якія адбывалі тэрмін у 14, 20 і 25 гадоў за згвалтаванні і забойства, адважыліся на першыя за доўгі час уцёкі з папраўчай установы. Пасля таго, як скончыўся працоўны дзень у вытворчай зоне, тройца незаўважна ад кантралёраў змагла забрацца ў пагрузчык “Амкадор” і завесці яго, замкнуўшы правады.

Пасля гэтага яны накіравалі транспарт наўпрост на сцяну тэрыторыі ПК №17. Спыніў іх вартаўнік на вышцы – убачыўшы, што асуджаныя збіраюцца тараніць загароду, ён стрэліў у паветра. Пачуўшы стрэл, зняволеныя спалохаліся і разьбегліся па вытворчай зоне. Іх усіх затрымалі.

Як высветлілася потым, яны хацелі сустрэцца з роднымі і блізкімі. На кожнага з няўдалых уцекачоў завялі крымінальную справу за спробу групавых уцёкаў.

Галадоўка мамы

Маці аднаго з асуджаных напрыканцы чэрвеня  гэтага года абвясціла галадоўку прама пад сценамі калоніі. Ксеніі Кавалёвай не спадабалася, што яе сына без падрабязнага тлумачэння прычын накіравалі ў штрафны ізалятар «за парушэнне рэжыму». Нібыта пасля адбою ён не знаходзіўся на сваім месцы. З іншага боку, маці сцвярджала, што сына адправілі ў ШІЗА пасля ператрусу камеры. Яна папрасіла разабрацца ў сітуацыі раённага пракурора Ірыну Алданаву, аднак тая адмовілася выязджаць у ПК №17, спаслаўшыся на адсутнасць фактаў.

Не атрымаўшы дапамогі ад дзяржавы, Кавалёва абвясціла пра галадоўку пад сценамі калоніі. На працягу дня адміністрацыя калоніі ўсё ж расказала аб прычынах змяшчэння яе сына ў ШІЗА.

Завострыванне ў галаву ад хлопца з бензапілой

12 кастрычніка Уладзіслаў Казакевіч, які год назад учыніў разню бензапілой у ГЦ «Еўропа» і атрымаў за гэта 15 гадоў зняволення, напаў з завострываннем на супрацоўніка ПК №17.

Як паведаміла прэс-служба МУС, падчас надгляду перад вывадам на шпацыр ў яго знайшлі металічны прадмет у левым рукаве. Казакевіч выхапіў завострыванне і здолеў параніць у галаву аднаго з кантралёраў. У дадзены момант пацярпелы ў лякарні.

На допыце пасля інцыдэнту Казакевіч заявіў, што завострыванне была яму патрэбна для нападу на начальніка папраўчай калоніі №17. Паводле ягоных слоў, ён хацеў адпомсціць за пастаянны прэсінг з боку адміністрацыі калоніі.

Як сцвярджаюць бацькі, з самага пачатку знаходжання ў папраўчай установе Уладзіслаў Казакевіч знаходзіўся ў штрафным ізалятары, а пасля быў пераведзены ў памяшканне камернага тыпу. Туды трапляюць, як правіла, злосныя парушальнікі рэжыму.

Пры гэтым бацькі актыўна абскарджвалі спагнанні з боку адміністрацыі і, як яны сцвярджаюць, выявілі мноства парушэнняў у ПК №17. Жаданне напасці на кіраўніка папраўчай установы з боку Улада яны звязваюць са спробай помсты за бесчалавечнае стаўленне.

Супраць Казакевіча распачалі крымінальную справу за замах на забойства двух асоб. За гэта яму пагражае ў тым ліку смяротнае пакаранне.

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка: «Праблема не ў шклоўскай калоніі»

Праваабаронца, кіраўнік інфармацыйнай установы «Нью Платформ Іннавэйшн» Андрэй Бандарэнка, знаёмы са шклоўскай калоніяй не па чутках. Частку свайго тэрміну за злоснае хуліганства ён адбываў менавіта т ам:

– Праблема тут не ў шклоўскай калоніі, а ў самой пенітэнцыярнай сістэме і яе стаўленні да асуджаных. Правы ў асуджаных ёсць толькі фармальна, а на практыцы іх няма і быць у такой сістэме не можа. Пры жаданні адміністрацыя калоніі можа пазбавіць асуджанага ўсяго: перапіскі, права на абскарджвання, спатканняў з роднымі, сустрэчы з адвакатам і гэтак далей. І я яшчэ не чуў ніводнага выпадку, каб адміністрацыя панесла за гэта хоць нейкае пакаранне. Ні адна наглядная інстанцыя не стане на бок асуджанага – ні пракуратура, ні суд, – сцвярджае праваабаронца.

Паводле яго слоў, асуджаны апрыёры вінаваты:

 Уся праблема заключаецца ў закрытасці папраўчых устаноў і поўным адсутнасці грамадскага кантролю. Да таго часу, пакуль дзяржава будзе закрываць доступ праваабарончым арганізацыям да месцаў зняволення, да таго часу будзе немагчыма нешта там змяніць. Як сказаў мне былы начальнік шклоўскай калоніі, «я для цябе тут і правілы ўнутранага распарадку, і Крымінальна-выканаўчы кодэкс. Маё слова – закон, і ўсё, што ты зробіш, я сам буду ацэньваць, парушэнне гэта ці не», – пракаментаваў Андрэй Бандарэнка.