Анжаліка Калатазішвілі, якая ў верасні зладзіла галадоўку пад магілёўскай турмой, распавяла, што маршруткі адмаўляюцца браць на борт чалавека ў вазку.

25 кастрычніка. Слаўгарад. Алесь Святліцкі


У 2014 годзе Анжаліке, як яна распавядае сама, памылкова выдалілі жаночыя органы з-за няправільнага дыягназу. У выніку яна атрымала інваліднасць і стала перасоўвацца на вазку. Яна пачала дамагацца справядлівасці і патрабаваць, каб лекараў, якія памыліліся, прыцягнулі да адказнасці.

З-за шматлікіх скаргаў, упэўненая яна, супраць яе сям’і пачалі дзейнічаць мясцовыя ўлады. Улетку гэтага года яе мужа, грамадзяніна Грузіі Кахабера, арыштавалі па абвінавачванні ў распаўсюдзе наркотыкаў і педафіліі. Паколькі Анжаліке не давалі сустрэцца з мужам, у верасні яна абвясціла галадоўку ля сцен магілёўскай турмы №2, дзе ўтрымлівалі Кахабера Калатазішвілі. 

Свайго яна дамаглася. Аднак, па яе ўласным прызнанні, праблем было шмат. І адна з асноўных – практычна ўсе перавозчыкі з Слаўгарада адмаўляюцца браць на борт чалавека ў інвалідным вазку.

– Мяне ўвогуле не бяруць у маршрутку. Толькі калі ў ёй мала людзей і пры гэтым я заплачу за два месцы – то бок, за сябе і вазок. Наогул нашыя маршруткі не прызначаныя для людзей з інваліднасцю ў вазках. Салоны маленькія па аб’ёме. У вазку ты банальна перашкаджаеш ўваходзіць і выходзіць людзям. Таму вадзіцелі адмаўляюцца, – распавяла Анжаліка.

Гэта прытым, што кожны месяц Калатазішвілі трэба ездзіць са Слаўгарада ў Магілёў у абласную бальніцу.

 Мне яшчэ шчасціць, што я хаця б на маленькія адлегласці магу пры дапамозе мыліц перасоўвацца. Ёсць маршрутчыкі, якія могуць забіраць ад дома. Аднак пачнецца зіма і без вазку будзе немагчыма, – паскардзілася жанчына.

Зрэшты, і па Слаўгараду чалавеку ў інвалідным вазку перасоўвацца цяжка. Як такога, гарадскога транспарту ў раённым цэнтры няма, але Анжаліка кажа, што 3-4 разы на дзень праз горад праходзіць аўтобус.

– Я наогул ні разу не змагла ў яго трапіць. Узімку трапіць нават у цэнтр Слаўгарада для мяне будзе нерэальна.

Паводле яе слоў, дзякуючы мыліцам яе свабода перамяшчэння крыху шырэй, чым у тых, хто без вазку перамяшчацца не можа:

Калі чалавек не можа хадзіць наогул, то са Слаўгарада ён дакладна не выедзе. Хіба што замовіць аўто, што вельмі дорага. Калі я не магла ўставаць з інваліднага вазку, а мне трэба было трапіць у Магілёў на аналізы, мне прыйшлося заказваць машыну са Слаўгарада да Магілёва. Заплаціла 100 рублёў. Гэта вялікія грошы.

Анжаліка сцвярджае, што дапамогі ад дзяржавы няма. Толькі калі яна пачынае скардзіцца ў розныя інстанцыі, ёй могуць вылучыць месца ў машыне «хуткай дапамогі», якая возіць іншых пацыентаў на гемадыяліз.

– Гэта машына тры разы на тыдзень возіць шасцярых чалавек на гемадыяліз. Каб сесці на яе, мне трэба да пяці раніцы патрапіць у раённую бальніцы з хаты, – распавяла Калатазішвілі.

У райцэнтры чалавеку з інваліднасцю жыць вельмі цяжка. Анжаліка наракае, што не ўсюды стаяць пандусы. А калі яны і ёсць, то з-за нахілу заехаць па ім нерэальна.

 Слаўгарад для людзей з інваліднасцю не прызначаны. Фактычна, гэта турма для інвалідаў. Усе сядзяць дома. Рэдка, калі хтосьці кудысьці выбіраецца, – заключае жанчына. – Ды пра што казаць, калі нават цэнтральная раённая бальніца зроблена абсурдна. Траўматалогія знаходзіцца на другім паверсе. Здымкі робяць на першым. Ліфта няма.

Гэта значыць, чалавек з паламанай нагой павінен даскакаць да другога паверха, атрымаць там накіраванне на здымак, прыскакаць назад, а затым са здымкамі вяртацца на другі паверх. Дурдом.