Спойлер яна змагла атрымаць тое, чаго хацела.

1 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Жыхарка Слаўгарада Анжаліка Калатазішвілі, якая мае інваліднасць 1-ай групы, здолела ўсё ж дамагчыся сустрэчы са сваім мужам Кахаберам, які ўтрымліваецца ў магілёўскай турме №4.

Жанчына абвясціла галадоўку 26 верасня пад варотамі турмы. Яна патрабавала, каб ёй далі пабачыцца з мужчынам, які з ліпеня гэтага года знаходзіцца пад арыштам. Яна распавяла нам, што ў дачыненні да яе мужа заведзеная крымінальная справа па ч.1 арт. 328 за распаўсюд наркотыкаў. Таксама яго падазраюць у педафіліі.

Анжаліка трымала галадоўку два дні. 27 верасня ёй паведамілі, што вырашылі выдаць дазвол на спатканне. Для гэтага ёй спатрэбілася ехаць у Слаўгарад, аднак калі яна прыехала, пракурор адмовіўся выдаваць якія-небудзь паперы.

Зрэшты, літаральна праз гадзіну ён па нейкіх прычынах змяніў сваё рашэнне і папрасіў жанчыну вярнуцца па дазвол.

28 верасня Калатазішвілі атрымала права на першае за некалькі месяцаў спатканне з мужам. 30 верасня яна выехала назад у Магілёў, каб заняць чаргу на спатканне.

На думку самой Анжалікі, крымінальная справа ў дачыненні да яе мужа, грамадзяніна Грузіі, – гэта спроба ціску ўладаў і міліцыі на іх сям’ю.

У 2014 годзе мне памылкова выдалілі жаночыя органы з-за няправільнага дыягназу. У выніку я засталася інвалідам. Я спрабавала дамагчыся справядлівасці, звярталася ў суды, скардзілася шмат куды. Уладам гэта не спадабалася і яны шукалі магчымасць сапсаваць жыццё, – распавядала жанчына.

У дачыненні да яе мужа восенню 2017 года ўжо заводзілі адміністрацыйную справу – нібыта за абразу суседзяў па інтэрнаце.Калі б яго прызналі вінаватым, яму б пагражала дэпартацыя.Аднак віна КахабераКалатазішвілі тады даказаная не была.