Прэм’ера фільма «28 панфілаўцаў» прайшла пры ўдзеле актыву БРСМ, салдат тэрміновай службы і ветэранскай арганізацыі.

25 лістапада. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Прэм’ера адбылася 24 лістапада ў кінатэатры “Радзіма”. Антураж вакол стужкі вырашылі зрабіць адпаведным – працавала палявая кухня, вядучыя мерапрыемства працавалі у форме ваенных гадоў.

Перад пачаткам фільма з прывітальным словам выступіў Анатоль Любчанка, старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі ветэранаў. Ён распавёў гасцям паказу, сярод якіх былі школьнікі, студэнты і салдаты тэрміновай службы, пра гераізм салдат і неабходнасць быць такімі ж мужнымі, як і іх дзяды і прадзеды.

Паводле інфармацыі карэспандэнта сайта, прагляд фільма абышоўся служачым арміі ў 3 рублі, школьнікам – у 1 рубель. Звычайны квіток каштуе 5 рублёў.

Фільм «28 панфілаўцаў» быў зняты рэжысёрамі Андрэем Шальёпай і Кімам Дружыніным. Частку грошай на праект аўтары сабралі пры дапамозе краудфандынга, большую частку вылучыла дзяржава.

Подзвіг 28 панфілаўцаў, якія нібыта стрымалі нямецкія танкі пад Масквой, многія прызнаюць гістарычным міфам, створаным у гады Вялікай айчыннай вайны з мэтай ўзняцця баявога духу салдатаў і стварэння патрэбнага настрою ў грамадстве.

У 1948 і 1988 году версія аб подзвігу была вывучана Галоўнай ваеннай пракуратурай СССР і прызнана мастацкай выдумкай. Нягледзячы на гэта, у сучаснай Расеі міф вельмі моцны.

Напрыклад, міністр культуры Расійскай Федэрацыі Уладзімір Мядзінскі ў кастрычніку гэтага года заявіў, што «нават калі б гэтая гісторыя была прыдумана ад пачатку і да канца, нават калі б не было Панфілава, нават калі б не было нічога – гэта святая легенда, да якой проста нельга дакранацца. А людзі, якія гэта робяць – брыды скончаныя».