Беларусь імпартуе тавары з анэксаванага Крыма ФОТАФАКТ

У магілёўскіх крамах адкрыта прадаецца віно, вырабленае ў «расейскім» Крыме. Перад новым годам імпарцёры перасталі хавацца?

3 студзеня. Магілёў. Саша Мінько


Раней дыскаўнтэр «Востраў чысьціні» гандляваў у асноўным бытавой хіміяй, касметыкай і гаспадарчымі таварамі. Не так даўно сетка падвергнулася рэбрэндынгу – цяпер нароўні са сродкамі гігіены там прадаюць прадукты, а сам дыскаўнтэр называюцца цалкам «Востраў чысціні і густу». Дысконтны алкаголь там таксама цяпер прадаецца.

Пад моцныя напоі аддадзены цэлы аддзел. Погляд хутка чапляецца за «Партвейн Чырвоны Алушта». Кошт – 15 рублёў за бутэльку. Зроблена віно на паўвостраве Крым у г. Алушта. Згодна этыкетцы, гэта Расія.

Нагадаем, Генеральная Асамблея ААН 27 сакавіка 2014 года прыняла Рэзалюцыю A/RES/68/262 аб тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Згодна з дакументам, пацвярджаецца суверэнітэт Украіны ў яе міжнародна-прызнаных межах і ня прызнаецца законнасць аніякай змены статусу Аўтаномнай Рэспублікі Крым у складзе Украіны.

Санкцыі ў дачыненні да Расеі і, у прыватнасці, Крыма пачалі дзейнічаць з чэрвеня 2014 года. Абмежаванні звязаны з тым, што, напрыклад, у Еўрасаюзе забаронена прадаваць тавары з Крыма без ўкраінскіх сертыфікатаў.

Але, як аказалася, беларускі імпарцёр санкцыйных тавараў не хаваецца. Буйным шрыфтам прама на бутэльцы напісана, што прывозіць тавар з Крыма ААТ «Брэсцкая абласная база «Бакалея». Прычым прывозіць не проста віно, а з «абароненым геаграфічным пазначэннем «Крым».

Абаронена геаграфічнае пазначэнне, мяркуючы па ўсім, Расіяй. Хоць, як вядома, законным чынам грамадзяне Беларусі могуць заехаць у Крым толькі праз тэрыторыю Украіны. Заезд на паўвостраў праз расейскую тэрыторыю украінскім заканадаўствам прызнаецца парушэннем, з-за чаго могуць узнікнуць праблемы: можна атрымаць адмову ва ўездзе ў Беларусь, а таксама адміністрацыйны штраф.

Глядзіцца ўсё гэта вельмі дзіўна, бо нават на глобусах ў беларускіх крамах, калі не браць скандальныя выпадкі, пазначана, што Крым – гэта Украіна. А тут вось такое:

 

У іншых крамах падобнай крымскай прадукцыі выяўлена не было. Пакуль што гэты алкаголь прадаюць толькі ў вельмі незвычайным месцах – сярод памперсаў, сродкаў для чысткі сантэхнікі і шампуняў.