Юлія Астраўко, маці асуджанага непаўналетняга Эміля Астраўко, за якога заступілася Amnesty International, распавяла пра свой паход да кіраўніка прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) у Беларусі.

16 мая. Магілёў. Саша Мінько/ photo – dw.com, Юлія Астраўко – справа

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Эміль Астраўко ўтрымліваецца ў бабруйскай выхаваўчай калоніі №2 для непаўналетніх злачынцаў, якую роўна месяц таму наведала дэлегацыя ЮНІСЕФ у суправаджэнні пасла Вялікабрытаніі Фіёны Гіб. Пасля гэтага маці Эміля – адна з актывістак руху «Маці 328» Юлія – сустрэлася з чыноўнікам ААН. Пасля размовы з ім яна пагадзілася даць інтэрв’ю магілёўскаму часопісу аб правах чалавека MSPRING. ONLINE

MSPRING.ONLINE: – Юлія, наколькі складана было патрапіць на прыём да кіраўніка прадстаўніцтва ЮНІСЕФ у Беларусі, і ці валодаюць, па-вашаму, чыноўнікі ААН сітуацыяй?

Юлія Астраўко: – Я і мае паплечніцы з руху «Маці-328» сталі пісаць лісты і звароты ў ЮНІСЕФ дзесьці з восені мінулага года, калі мы даведаліся, што прымяненне артыкула 328 КК да непаўналетніх парушае Канвенцыю ААН аб правах дзіцяці. Відавочна, лісты даходзілі, але ніякіх адказаў на іх не было. Пасля таго, як стала вядома, што дэлегацыя ЮНІСЕФ наведала Бабруйск, я адразу ж патэлефанавала ў офіс гэтай арганізацыі і запісалася на прыём. Як аказалася, мяне там ужо ведалі і памяталі па зваротах.

Шчыра кажучы, у мяне склалася дзіўнае адчуванне ад візіту. Мне прызначылі дату прыёму на 13 траўня. І апынулася, што на гэтую ж дату запрасілі яшчэ сям’ю Шаркоўскіх, чый кейс таксама зацікавіў міжнародныя арганізацыі. Гэта значыць, з лістапада месяца на нас не звярталі ўвагі, хаця было, як мінімум, 26 зваротаў з апісаннем спраў і з экспертызамі. Цяпер раптам прынялі толькі дваіх. Спадар Рашэд Мустафа Сарвар (кіраўнік прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН (UNICEF) у Беларусі) больш слухаў і ківаў галавой. А вось яго памочнік, які прадставіўся Дзмітрыем (Дзмітрый Шылін, старшы каардынатар па пытаннях абароны дзяцінства, – рэд.), Больш вёў размову і даваў адказы.

– Месяц таму дэлегацыя ЮНІСЕФ наведала ВК-2 ў Бабруйску. Вы абмяркоўвалі ўмовы ўтрымання непаўналетніх там?

– Да, вядома. І яны сказалі, што ўсё там выглядае нядрэнна. Праўда, абмовіліся, што на “промку” (прамысловую зону – рэд.) іх не павялі. Яны адзначылі, што ў ВК-2 ёсць бібліятэка, розныя бытавыя зручнасці і гэтак далей. А я на гэта адказала, што ў дзяцей тамака ўсяго гадзіна асабістага часу, так што тая бібліятэка мала каму патрэбна.

Яшчэ ёсць вельмі важны момант. ЮНІСЕФ не хацела рабіць там ніякія праекты і не збіраецца нічога фінансаваць. Як сказаў Дзмітрый, гэта навіна, якую чамусьці самастойна распісалі беларускія дзяржаўныя СМІ. Дэлегацыя ЮНІСЕФ наведала калонію ў рамках праграмы па аднаўленчым правасуддзі і рэсацыялізацыі непаўналетніх. А дзяржСМІ заявілі, што ААН прафінансуе тры праекты для ВК-2: медыяцэнтр з тэлестудыяй, псіхалагічную лабараторыю і дыстанцыйны доступ да Нацыянальнай бібліятэкі.

Ці ведае Рашэд Мустафа Сарвар аб парадках, што пануюць у выхаваўчай калоніі №2?

– Я распавяла яму пра тое, што былі факты, калі дзяцей білі, пра чайнік, якім не даюць карыстацца і пра ўсіх іншых выпадках здзекаў над дзецьмі. Спадар Рашэд Мустафа Сарвар толькі слухаў і ківаў.

Затое вельмі дзіўна, як я лічу, выказаўся яго памочнік Дзмітрый. Ён сказаў фразу, што не заўсёды шум і апублічванне інфармацыі дапаможа. Калі чалавек, які працуе ва ўстанове ААН, дае параду маўчаць, гэта выклікае падазрэнні. У адказ я сказала, што маці не будуць маўчаць, калі гаворка ідзе аб іх дзецях.

А што з парушэннем Рэспублікай Беларусь Канвенцыі аб правах дзіцяці пры прымяненні артыкула 328 КК да непаўналетніх? Вы размаўлялі пра гэта?

– Ну, вядома ж. І тут было поўнае разуменне. ЮНІСЕФ лічыць, што Канвенцыя ААН аб правах дзіцяці адназначна не выконваецца ў Беларусі, і беларускае прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у рамках свайго мандата будзе спрабаваць урэгуляваць сітуацыю з уладамі. Як я зразумела, рыхтуецца сустрэча ў МУС на гэтую тэму. Будзе ісці гаворка аб захаванні Пекінскіх правілаў і аб захаванні мінімальнага пакета правілаў абыходжання з непаўналетнімі.

– Якія ў Вас адчуванні ад гутаркі?

– Я засталася не ўражанай сустрэчай. І, верагодна, мае суразмоўцы таксама не вельмі задаволеныя. Напрыканцы было відаць, што ўсе раззлаваліся, хоць кіраўнік прадстаўніцтва ЮНІСЕФ, як дыпламат, стараўся не праяўляць эмоцый.

Але ёсць з чым параўнаць. «Маці 328» сустракаюцца і з амбасадарамі розных краін, і з прадстаўнікамі міжнародных арганізацый – і ўсе яны імкнуцца неяк дапамагчы, прапануюць нейкія дзеянні, спачуваюць і праяўляюць спагаду. У ЮНІСЕФ я гэтага не ўбачыла. Хоць мы разумеем, што праца Дзіцячага фонду ААН – гэта немалыя грошы, і, на мой погляд, аддача магла б быць большай. Відаць, што вялікага жадання займацца вострымі і жорсткімі тэмамі там пакуль няма. Магчыма, актыўнасць “Маці 328” зменіць сітуацыю. Бо ў нас іншага шляху проста няма.

Да ведама: Дзіцячы Фонд ААН (ЮНІСЕФ) быў заснаваны неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай вайны – у 1946 годзе. Гэта найбуйнейшая ў свеце арганізацыя, якая дзейнічае пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якая абараняе правы дзяцей у больш чым 190 краінах і тэрыторыях. Больш за ўсё высілкаў накіравана на самых уразлівых – дзяцей ва ўзросце да 8 гадоў; дзяцей c інваліднасцю; тых, хто застаўся без бацькоўскага клопату; падлеткаў, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам; дзяцей і жанчын, якія перажылі гвалт.

У канцы сакавіка праваабарончая арганізацыя Amnesty International пачала кампанію тэрміновага дзеянні з патрабаваннем абараніць правы непаўналетніх Эміля Астраўко і Васіля Саўчанкава. У 2018 годзе гэтыя сямнаццацігадовыя школьнікі былі асуджаныя да 10 гадоў пазбаўлення волі кожны. На думку праваабаронцаў, гэта занадта жорсткае пакаранне для падлеткаў. У 2015 годзе ў Беларусі дэкрэтам прэзідэнта была ўведзеная крымінальная адказнасць па артыкуле 328 КК “Незаконны абарот наркатычных сродкаў” з 14 гадоў. Максімальнае пакаранне падвышана да 25 гадоў пазбаўлення волі.