Аліна Скрэбунова просіць растлумачыць, якое міліцыянты маюць права выклікаць на апытанне пры дапамозе мабільнай сувязі.

2 лістапада. Магілёў. Алесь Святліцкі


Журналістка Аліна Скрэбунова, у дачыненні да якой зараз вядзецца адміністрацыйны працэс за супрацоўніцтва з БелСАТ без акрэдытацыі, звярнулася з запытам у УУС Магілёўскага аблвыканкама.

На працягу 2017 года яна неаднаразова атрымлівала СМС з патрабаваннем з’явіцца ў раённыя АУС і суд. Як адзначыла дзяўчына, ўсе паведамленні адрозніваліся адзін ад аднаго і прыходзілі з розных нумароў:

– Увесь час гэтыя СМС прыходзілі з розных нумароў. Пры гэтым яны вельмі адрозніваліся паміж сабой па форме і па змесце, – распавяла Аліна Скрэбунова.

У апошні раз такім чынам яе выклікалі 25 кастрычніка. З незнаёмага нумара ёй паведамілі, што менш чым праз суткі (26 кастрычніка) яе чакае маёр Яўгеній Слаўнікаў у Ленінскім РАУС. Журналістка адказала, што будзе чакаць афіцыйную позву, паколькі прыйсці ў яе няма магчымасці.

30 кастрычніка Скрэбунову затрымалі і даставілі ў РАУС. Там маёр Слаўнікаў пачаў пагражаць ёй адказнасцю за няяўку па СМС. Пасля гэтага дзяўчына вырашыла высветліць ў абласнога міліцэйскага кіраўніцтва, наколькі правамерны выклік праз тэкставае паведамленне.

– Я чытала, што міліцыя можа выклікаць людзей пры дапамозе пісьмовай позвы, а таксама пры дапамозе іншых сродкаў сувязі. Аднак калі правілы афармлення звычайнай позвы прапісаны, то ніякага адзінага фармату для СМС-позваў няма. Як тады рэагаваць, калі прыходзіць паведамленне з незнаёмага нумара? – дзівіцца журналістка.

У сваім звароце яна папрасіла УУС Магілёўскага аблвыканкама даць прававую ацэнку СМС, якія дзяўчына прымацавала ў выглядзе скрыншотаў. Таксама Скрэбунова чакае тлумачэнняў, як павінен ажыццяўляцца выклік чалавека ў міліцыю праз СМС згодна з нормамі заканадаўства.