У сацыяльных сетках з’явілася інфармацыя аб некаторых выпадках.
11 кастрычніка. Магілёў. Алесь Святліцкі
10 кастрычніка ў Магілёве з’явіліся паведамленні аб тым, што з-за прыезду прэзідэнтаў Беларусі і Расіі Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна на Форум рэгіёнаў, у горадзе «будзе весціся адстрэл бяздомных жывёл» работнікамі спэцаўтапрадпрыемства.
«Разбірацца, хатнія яны ці не, ніхто не будзе», – сцвярджалася ў аб’яве, падпісанай ад імя валанцёраў Магілёўскага таварыства абароны жывёл.
Пазней кіраўнік МТАЖ Святлана Ярмоленкава заявіла, што валанцёры яе арганізацыі ніякага дачынення да аб’яў не маюць.
Спецаўтапрадпрыемства таксама абвергла фармулёўку «адстрэл жывёл», спаслаўшыся на тое, што звяроў спачатку збіраюць, а пасля ўсыпляюць.
У Інстаграм карыстальніка @zharabya з’явіліся сторыз, у якіх людзі дзеляцца сваімі назіраннямі аб тым, як адбываецца адлоў:
«Толькі што на Маторным двое мужыкоў САП спрабавалі злавіць сабаку».
«Учора на працоўным у нас адстрэльвалі 3 сабак. Толькі што праязджаючы па Чалюскінцаў каля «Белмаркет» 1 сабаку лавілі».
Такім чынам, інфармацыя аб «ўзмоцненым» адлове да прыезду прэзідэнтаў паступова пацвярджаецца сведчаннямі відавочцаў.