«Магілёўская вясна» просіць адгукнуцца тых, хто пацярпеў ад дзеянняў сілавікоў пасля выбараў 9 жніўня.

ПЦ “Вясна” і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў шукае людзей, якія сталі ахвярамі міліцэйскага самавольства. Усе мы памятаем, што адбывалася пасля 9 жніўня – брутальныя дзеянні сілавікоў, сотні затрыманых і зьбітых.

Гэта не павінна застацца проста так.

«Магілёўская вясна»* ў межах кампаніі па дакументаванні выпадкаў катаванняў, жорсткага, бесчалавечнага і зневажальнага абыходжання ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстных выступленняў просіць адгукнуцца жыхароў Магілёўскага рэгіёну, да якіх ужываўся фізічны гвалт з боку супрацоўнікаў сілавых структур.

КАГО МЫ ШУКАЕМ?

– Вас, калі вас білі, нават няшмат, нават калі не засталося слядоў. Звяртаем вашу ўвагу, што нават калі «было ўсяго толькі пара удараў» або «пара заломаў», гэта ўсё роўна катаванні – звязвайцеся з намі.

– Вашых блізкіх і знаёмых, якія падвергліся зьбіцьцю.

– Людзей, якім стала дрэнна, але ім не была аказана своечасовая медыцынская дапамога па першым патрабаванні.

НАВОШТА МЫ ШУКАЕМ?

Тое, што зрабілі некаторыя супрацоўнікі міліцыі – злачынства. І за гэта вінаватыя павінны панесці пакаранне.

Аднак спачатку трэба сабраць доказы. Менавіта таму ПЦ “Вясна” і Сусветная арганізацыя супраць катаванняў дакументуюць сведчанні пацярпелых.

У першую чаргу мы папросім пра размову на відэа. У асобных выпадках – можна аўдыё.

Хочам звярнуць вашу ўвагу: калі вы захочаце, мы гарантуем, што сабраная інфармацыя не будзе публікавацца ў СМІ. Яшчэ раз – мы гарантуем канфідэнцыяльнасць, калі будзе такая патрэба з вашага боку.

Нам важна прадаставіць дакументальныя доказы аб катаваннях, у першую чаргу, Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў. Калі ж вы захочаце зрабіць сваю гісторыю публічнай – мы апублікуем ваш расповед.

ДАПАМОГА

Мы гатовыя аказаць патрэбную псіхалагічную і юрыдычную дапамогу ахвярам збіцця.

ЯК З НАМІ ЗВЯЗАЦЦА

Калі вы гатовыя распавесці сваю гісторыю або ведаеце такога чалавека, звяжыцеся з намі любым зручным спосабам:

Тэлефон: +375 29 133 75 50

Пошта: mspring.online@gmail.com

Тэлеграм: @mspring або @maydayhelp

Інстаграм: @mayday.team

Вконтакте: vk.com/mspring.online (напісаць у паведамленні старонкі)

Facebook: fb.com/mspring.online (напісаць у паведамленні старонкі)

Twitter: twitter.com/mspring_online

Памятаеце, што калі спусціць катаванні людзей з рук, яны нікуды не знікнуць. У наступны раз яны будуць яшчэ страшней.

*“Магілёўская вясна” – магілёўскі філіял ПЦ “Вясна”. Складаецца з юрыдычнай службы, часопіса аб правах чалавека MSPRING.ONLINE і валантэрскай каманды MAYDAY