У Магілёве вызначыліся, як будуць святкаваць Дзень Волі 25 сакавіка

Ніякіх мітынгаў.

7 сакавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі/ фото-TUT.by


6 сакавіка на офісе магілёўскай арганізацыі АГП прайшоў збор аргкамітэта па святкаванні 101-годдзя абвяшчэння Беларускай народнай рэспублікі. Усяго ў паседжанні брала ўдзел каля дзясятка чалавек – чальцы Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Таварыства беларускай мовы, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), прадстаўнікі беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў і руха «За Свабоду».

Падчас паўгадзінных перамоў бакі дамовіліся па трох пунктах. Перадусім, актывісты хочуць дамовіцца з гарадскімі пляцоўкамі пра правядзенне ўрачыстага мерапрыемства ў гонар Дня Волі. Для гэтага лідар АГП Уладзімір Шанцаў прапанаваў накіраваць заявы кіраўніцтву дома культуры вобласці, у гарадскі цэнтр культуры і вольнага часу, а таксама ў дом культуры чыгуначнікаў. Свята, па задуме арганізатараў, можна арганізаваць у нядзелю, 24 сакавіка.

Плануецца выступ артыстаў і літаратараў, а таксама кароткая гістарычная даведка пра тое, як Беларуская народная рэспубліка абвясціла сваю незалежнасць.

Непасрэдна ў Дзень Волі, 25 сакавіка, лідар гарадской арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў падтрымаў правядзенне агляднай экскурсіі па месцах, якія звязаны з падзеямі 101-гадовай даўнасці.

Апроч гэтага, актывісты дамовіліся пра выраб інфармацыйных улётак, якія можна распаўсюдзіць сярод гараджанаў.

Ад ідэі вулічных мітынгаў і шэсцяў арганізатары Дня Волі ў Магілёве вырашылі пакуль адмовіцца.