У наваполацкай папраўчай калоніі №1 узмацнілі жорсткасць праверкі тых, хто прыбывае на доўгатэрміновыя спатканні.

Доўгатэрміновыя спатканні (ДС) сваякоў з асуджанымі доўжацца ад 1 да 3 сутак і праходзяць у гасцінічных нумарах на тэрыторыі папраўчай установы. Гэта адзіная магчымасць для зняволеных успомніць аб рэальна хатняй ежы – прадукты можна прывозіць без абмежаванняў. Адзіная ўмова – усё трэба з’есці не выходзячы з памяшкання.

Але з мінулага тыдня кантралёры забаранілі праносіць на тэрыторыю шкляную і парцалянавую тару. Цяпер усё, што падрыхтавалі сваякі асуджаных, на кантролі прымушаюць перасыпаць і пераліваць у пакеты або пластыкавыя ёмістасці (калі яны ёсць). Даходзіць да таго, што фабрычныя кансервы ўскрываюць і таксама вывальваюць у пакеты.

З чым звязана ўзмацненне жорсткасці правіл – пакуль не зразумела. Як правіла, такія змены ўводзяцца пасля інцыдэнтаў. Нагадаем, да наваполацкай ПК-1 прыкавана пільная ўвага пасля таго, як экс-прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, які адбывае там тэрмін, у ноч з 24 на 25 красавіка быў шпіталізаваны з ПК у шпіталь Наваполацка са слядамі гвалту.

Праз тыдзень пасля інцыдэнту ў калоніі змяніўся начальнік, ім стаў Руслан Машадзіеў, а Віктар Бабарыка быў пераведзены ў бальнічнае аддзяленне пры СІЗА-1 у Мінску. Але ў сярэдзіне ліпеня Бабарыка вярнулі ў наваплоцкую ПК-1 і адразу ж ізалявалі ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу). А 3 жніўня імя Руслана Машадзіева з’явілася ў новым санкцыйным спісе ЕС.