У Бабруйскай папраўчай калоніі №2 могуць не аднавіць прыём медыцынскіх бандэроляў з лекамі і вітамінамі для зняволеных.

Начмед калоніі паведаміў асуджаным, што медбандэролі як з’ява могуць знікнуць для ўсіх, у каго няма хранічных захворванняў. Выключэнне будзе зроблена толькі для цяжка хворых людзей з дыягназамі тыпу гепатыту, хранічнай хваробы нырак ці ВІЧ/СНІД. Дазваляць такія медбандэролі будуць толькі пасля атрымання калоніяй выпісак з медыцынскіх картак хворага.

Аднак у дадзены момант людзям нават з такімі даказанымі дыягназамі начмед не падпісвае дазвол на медыцынскую бандэроль. Што да афіцыйна дазволеных вітамінных комплексаў, якія таксама падпісваліся начмедам і высылаліся медбандэроллю, то вязні іх проста пазбаўленыя без тлумачэнняў.

Прычына ў праверцы, звязанай з самагубствам асуджанага Зміцера Арлова. Як мы паведамлялі 14 ліпеня, ён выкінуўся ўніз галавой з акна чацвёртага паверха (размяшчэнне 6-га атрада ВК). Мужчына быў асуджаны па частцы 4 артыкула 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў) да 13 гадоў пазбаўлення волі. У асуджаных па такім артыкуле няма нават надзеі на датэрміновае выйсце, а ўмовы жыцця ў калоніі ствараюцца самыя жорсткія.

Вынікам праверкі сталі перастаноўкі. Як мы паведамлялі тры дні таму, новы начальнік рэжымнага аддзела забараніў перасылаць поштай кнігі і ўвёў паняцце “кніжная бандэроль”, узмоцнены кантроль і над медчастасцю рэжымнай установы.