Патаповіч можа быць другім выпускніком магілёўскага Інстытута МУС за апошні год, які скончыў жыццё самагубствам

Калі інфармацыя Следчага камітэта пра самагубства інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча – гэта праўда, то можна ўлавіць сумную тэндэнцыю.

21 траўня. Магілёў. Ігар Лазоўскі


Пасля прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў Следчага камітэта, на якой заявілі пра магчымае самазабойства магілёўца Яўгена Патаповіча, блогер NEXTA звярнуў увагу на дзіўнае супадзенне.

Менш за год таму, у верасні 2018-га ў Брэсце знайшлі цела міліцыянта Валерыя Калькіса. Таксама, як і, магчыма, у выпадку з Патаповічам, ён застрэліў сябе ў лесе з табельнай зброі. Прычынай самагубства па непацверджаных дадзеных назвалі «непадзеленае каханне».

Валерый Калькіс вучыўся ў адной групе з Яўгенам Патаповічам у магілёўскім Інстытуце МУС. Пасля заканчэння вучобы Калькіса размеркавалі ў Маскоўскі РАУС Брэста. Патаповіча – у ДАІ Магілёва.

Калі верыць інфармацыі Следчага камітэта, Патаповіч таксама ўчыніў суіцыд ў лесе з дапамогай табельнай зброі. Папярэдне ён спаліў свае штаны і скаваў рукі кайданкамі.