У папраўчай калоніі №22 “Воўчыя норы” сваякоў асуджаных прыбылых на кароткатэрміновыя спатканні не пускаюць у прыбіральню.
Кароткатэрміновыя спатканні (КС) у беларускіх калоніях доўжацца чатыры гадзіны. Улічваючы, што ПК-22 у Івацэвіцкім раёне знаходзіцца далёка ад горада – у лесе на тэрыторыі былой вайсковай часткі, – для большасці гэта азначае яшчэ і доўгі шлях, які займае паўдня.
Тым не менш, супрацоўнікі ПК-22 на поўным сур’ёзе папярэджваюць сваякоў, якія прыбылі на спатканні, каб яны загадзя схадзілі ў прыбіральню і не пілі вадкасці. Справа ў тым, што вывад у прыбіральню на працягу чатырох гадзін КС не прадугледжаны, і калі камусьці будзе неўмагату, то спатканне спыняецца, а сваяк едзе дадому.
Здзеклівыя адносіны да тых, хто прыехаў – гэта не эксцэс выканаўцы. MSPRING.MEDIA мае сведчанні некалькіх крыніц аб тым, што гэта – норма, якая практыкуецца адміністрацыяй ПК-22.