Дзяцей і дарослых у Магілёве прымушаюць гуляць у вайнушку пад шалёным сонцам.

13 чэрвеня. Магілёў. Саша Мінько. Фота аўтара

Увага! Пры перадрукоўцы гэтага матэрыяла іншымі СМІ, пазначэнне mspring.online як крыніцы з гіперспасылкай на арыгінал ў першым абзацы абавязковае!


Кожны дзень а 8 гадзіне да гандлёвага цэнтра «Е-сіці» на скрыжаванні вуліцы Гагарына і праспекта Шміта падцягваюцца сотні людзей. У 8.30 пачынаецца рэпетыцыя вайны. Усё як у савецкі час. Дзеці і не хаваюць, што мерапрыемства не дабраахвотна-прымусовае, а прымусова-добраахвотнае.

Графік рэпетыцый быў пераназначаны на самую раніцу з-за пагрозы атрымання цеплавога ўдару. Першым пра экстрэмальныя трэніроўкі ў сваім телеграм-канале паведаміў блогер Nexta. Паводле яго версіі, пры падрыхтоўцы да рэканструкцыі бітвы да 75-годдзя вызвалення Магілёва школьнік страціў прытомнасць, бо дзецям даводзілася стаяць у адкрытым полі ў самы разгар спёкі з 10 да 14 гадзін дня.

https://mspring.media/ru/news/miami-heat/

Рэпетыцыі пасля яго паведамлення ўсё ж такі сталі праводзіцца раней, пакуль сонцапёк не фатальны. Ці быў сонечны ўдар у хлопчыка? Усе дарослыя адказныя асобы на вулічнай імправізаванай пляцоўцы адмаўляюць гэты факт. Але машына хуткай дапамогі тут пастаянна дзяжурыць.

 У кожнай школы свой рэжысёр. Відавочна дзеці рэпетавалі свае дзеянні па асобку кожны ў сябе. Цяпер жа невялікія танцавальныя атрады павінны аб’яднацца ў адно шоў.

Ці будзе яно маляўнічым? Вялікае пытанне. Зразумела толькі, што яно будзе маштабным.

Перашкаджае толькі жудасная спёка. У 9.30 раніцы на асфальце адгароджанай стаянкі гандлёвага цэнтра 28 градусаў тэрмометра адчуваюцца як усе 50. Нават паўгадзіннае знаходжанне тут проста невыноснае. А трэба танцаваць.

Дарослыя пераносяць знаходжанне ў такіх умовах стаічна. Вось гэты чалавек у кепцы здаецца апрануты не па надвор’і. Ён запускае музыку. На самай справе ён флегматычна сядзіць тут амаль кожны дзень прыкладна па тры гадзіны на адкрытым спёцы і практычна не рухаючыся. Кепка і камізэлька ратуюць, калі тэрмометр застывае на адзнацы 30 градусаў па Цэльсіі. Можна заносіць у Кнігу рэкордаў Гінеса.

Карэспандэнт MSPRING.ONLINE трапіў на трэніравальны дзень школьнікаў. Іх прыкладна 150-200 чалавек. Яны ў поле не ідуць, а трэніруюцца на цвёрдай паверхні ў адрозненне ад дарослых прыгонаў. У іх рэжысёраў, як высвятляецца, таксама ёсць рэжысёр. Спярша незразумела, адкуль ідзе пастаянны камандны крык. Аказваецца, усе падпарадкоўваюцца жанчыне ў белым.

Але самы трэш, як выказаўся адзін з удзельнікаў будучага свята, здараецца тут праз дзень. Дзіцячыя і дарослыя заняткі чаргуюцца. Дзе трэніруюцца дарослыя, стала зразумела, калі трое гэтых хлопцаў раптам пабеглі паглядзець на муляж вінтоўкі. Ім у спіну паляцеў дакор, мабыць, класнага кіраўніка: «Вы хочаце, каб мяне выгналі з працы?»

Трэба аддаць належнае, настаўнікі вельмі шчыра размаўляюць са сваімі вучнямі. Ніхто не хавае ад моладзі, што ў краіне кантрактная сістэма, і ў выпадку «залёта» ніхто з настаўнікам цырымоніцца не будзе. Настаўнікам і іншым супрацоўнікам школ – псіхолагам, бібліятэкарам і г.д, – горш за ўсё. Яны трэніруюцца вось тут, у голым разжараным полі, дзе для іх і падрыхтаваны муляж зброі.

Чакаецца, што агульная колькасць удзельнікаў свята складзе 800 чалавек. У кожнай школы свая квота прысутнасці, ў залежнасці ад колькасці вучняў. І калі дзеці проста паказваюць мастацкія кампазіцыі і танчаць, то дарослых падзялілі на катэгорыі – ёсць партызаны, салдаты, габрэі і немцы. Пры гэтым «габрэяў» прымушаюць бегчы з гета, а ахоўнікі павінны гэтага не дапусціць. Некаторыя рэчы выглядаюць проста кур’ёзна. Вось, мабыць, вароты «гета», куды нібыта на поўным сур’ёзе будуць заганяць дарослых людзей:

Удзельнікі свята ўжо ўдосталь наглыталіся пылу на трэніроўках у 30-градусную спякоту. Але каб кіраўнікі горада не пацярпелі ад гарачага пяску, сюды грузавікамі звозяць драўняныя шчэпкі. Улічваючы колькі каштуе адзін рэйс МАЗа, на грошы да свята тут не скупяцца. Пакуль здымаўся гэты рэпартаж, разгрузіліся машын пяць:

Потым усю гэтую пясчана-драўняную сумесь утрамбоўвае спецыяльна прывезены каток, праца якога таксама каштуе нятанна.

Радавыя з ліку «партызанаў», «салдат» і «габрэяў» («немцаў» сустрэць не ўдалося), распавядаючы пра падрыхтоўку да пастаноўкі, хутка пераходзяць на мат. На свята абяцаныя сапраўдныя самалёты і нават танк. Для натуральнасці у чыюсьці галаву прыйшла думка, ці не капаць, напрыклад, «партызанам» акоп. Праўда, у выніку вырылі невялікія траншэі экскаватарам. Гэта па дарозе да мястэчка з сапраўдных ваенных намётаў. Але ходзяць чуткі, што камусьці з работнікаў адукацыі ўсё ж давядзецца памахаць лапатай 28-га чэрвеня, паказваючы, як было цяжка ў ваенны час. Таксама акопы варта падраўняць, бо бачныя сляды каўша:

Палаткі самыя сапраўдныя – вайсковыя. Іх на поле дзесяць штук. Усе яны пакуль зашнураваныя і ахоўваюцца жанчынай, якая чытае цэлы дзень кніжкі.

Недалёка цесляры ўзводзяць яшчэ нейкі дзіўны будынак. Дзеці пытаюцца, ці не спаляць для натуральнасці што-небудзь з «нямецкіх комендатур». Дарослыя ў такія моманты прапануюць ім заткнуцца і не рваць ім нервы.

На стаянцы каля гандлёвага цэнтра ўсё ж ёсць нямыя сведкі таго, што жывём мы ўжо ў XXI стагоддзі. Выглядае гэта некалькі сюрэалістычна.

А вось такім ўвесь чэрвень бачаць Магілёў госці горада.

Толькі вось навошта?