У Бабруйску правялі ваенную гульню для дзяцей «Зарніца для сапраўдных баброў» — з адстаўным палкоўнікам Паўлічэнкам.

Бабруйскі гарвыканкам называе адкрытую мілітарызацыю дзяцінства «ўнікальным маладзёжным ваенна-патрыятычным праектам». На базе парку «Арляня» сабралася 14 каманд выхаванцаў ваенна-патрыятычных клубаў і класаў з Бабруйска і Магілёва. Ваенныя гульні прайшлі другі раз і афіцыйна былі арганізаваныя бабруйскім УУС і мілітарысцкім грамадскім аб’яднаннем «Беларуская асацыяцыя ветэранаў падраздзяленняў спецыяльнага прызначэння войскаў МУС “Гонар”».

На ваенна-патрыятычныя спаборніцтвы асабіста прыбыў адстаўны палкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка, які знаходзіцца пад бестэрміновымі персанальнымі санкцыямі ЕС і ЗША праз датычнасць да палітычных рэпрэсій, знікненняў і меркаваных забойстваў апазіцыйных палітыкаў у Беларусі. Яму падлеткі рапартавалі пра гатоўнасць каманд, а мясцовыя кіраўнікі сілавых ведамстваў аддавалі чэсць.

За мерапрыемствам назіраў старшыня Бабруйскага гарвыканкама Максім Гурын, з адабрэння якога і прайшлі гульні. Нагадаем, мілітарысцкая прапаганда з пункту гледжання правоў чалавека адносіцца да злачынстваў супраць дзяцінства і парушае палажэнні Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці. Удзел школьнікаў у ваенных спаборніцтвах прыводзіць да зменаў у псіхіцы. Армія — гэта жорсткая іерархічная сістэма, якая выхоўвае дысфункцыянальныя рысы асобы.