Ты можаш да яго далучыцца.

21 снежня. Магілёў. Алесь Святліцкі


Група магілёўскіх валанцёраў «Свет добрых спраў» вырашыла штодня перад Новым годам ладзіць святы для дзяцей са шматдзетных сем’яў і дзяцей з інваліднасцю. Называецца гэта ўсё Пераднавагодні тыдзень Добрых Спраў. Першапачаткова ён павінен быў прайсці з 18 па 24 снежня, аднак ёсць намер падоўжыць яго яшчэ мінімум на 7 дзён.

Па словах валанцёра каманды «Свет добрых спраў» Мікалая Суворава, такая ідэя з’явілася два месяцы таму, але канчаткова аформілася толькі цяпер.

– Са мной звязаліся Мікалай Казакоў і Аляксандра Жук, якія выступаюць у ролі Дзеда Мароза і Снягуркі. Яны прапанавалі хадзіць па сем’ях і рабіць святы для дзяцей, да якіх свята не заўсёды даходзіць. Ідэя спадабалася астатнім валанцёраў, якія займаюцца іншымі напрамкамі ініцыятывы «Свет добрых спраў». Пасля атрымання дазволу ад уладаў, мы ўзяліся за сумесную арганізацыю мерапрыемства і падрыхтоўку ўсяго неабходнага. Цяпер да нас далучылася каля 30 валанцёраў.

Галоўная ідэя Тыдня – паказаць дзецям, што такое свята.

– Мы адразу вырашылі, што для нашай ініцыятывы галоўнае не змушаць людзей да жалю ў адносінах да дзяцей, а даць магчымасць дапамагчы тым, каму гэта неабходна. Мы паставілі перад сабой задачу дарыць дух Каляд і Новага года як самім дзецям, так і жадаючым ім дапамагаць. Прыходзіць Дзед Мароз са Снягуркай, дорыць дзецям падарункі, водзіць карагод каля елкі, калі яна ёсць, загадвае загадкі, слухае падрыхтаваныя дзецьмі вершыкі. Ёсць фатограф, які робіць здымкі. Потым мы ўсё прыгожа афармляем і дорым сям’і, у якой былі. Дзецям важна ўбачыць, што ёсць дабро, што ёсць людзі не абыякавыя да іх лёсу, – сцвярджае Сувораў.

Падарункі для дзяцей можа набыць любы чалавек і перадаць іх праз каманду «Свету добрых спраў». Адмова ад працы з грашыма – прынцыповая пазіцыя ініцыятывы:

– Лепш перадаваць нейкія рэчы. Па маіх назіраннях, дзеці вельмі радыя канцтаварам, футбольнай атрыбутыцы, машынкам, ну і куды ж без прысмакаў. Як ні дзіўна, дзяўчынкі не вельмі просяць лялькі, а вось штосьці для творчасці падыходзіць выдатна.

Адначасова можа працаваць адразу тры групы Дзедаў Марозаў і Снягурак. За вечар адна група паспявае наведаць як мінімум чатыры сям’і. Пры гэтым, наракае валанцёр ініцыятывы, сіл хапае толькі на адзін раён – Фаціна:

– Нам дапамагаюць мясцовыя ўлады, якія распавядаюць нам пра тых, каму трэба, каб мы прыйшлі. У нас добры дыялог. Тым больш мы фактычна дапамагаем сацыяльным работнікам, якіх у святочны час недастаткова. Аднак хочацца, каб да нас далучылася больш людзей, каб дзейнічаць максімальна эфектыўна.

Калі ты хочаш дапамагчы камандзе «Пераднавагодняга тыдня Добрых Спраў» , то проста перайдзі па спасылцы і напішы гэтаму хлопцу.