Здаецца, не ўсё ў справе Коржыча на баку здаровага сэнсу.

16 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі / фота – «Інтэкс-прэс»


Выданне «Вячэрні Магілёў» падчас чарговага восеньскага прызыву «прайшлося» па ухілістам. У друкаваным варыянце газеты ад 10 кастрычніка аўтар Паліна Малініна распавяла пра суд над адным з маладых людзей, які адмовіўся служыць у войску, бо «не ўмее чытаць і пісаць». Паводле дадзеных «Вячэрняга Магілёва», прызыўнік не з’явіўся на медыцынскі агляд і супраць яго распачалі крымінальную справу за ўхіленне ад службы.

«У цяперашні час хлопец замацаваўся пастухом у мясцовым калгасе. У судзе да яго былі паблажлівыя і прызначылі пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі», – піша газета.

Паліна Малініна адзначае, што герой матэрыялу баіцца службы ў беларускім войску больш, чым крымінальнага пераследу. І прыходзіць да нечаканай высновы:

«Мне здаецца, яго асцярогі не марныя. Як паказалі нядаўнія падзеі ў Печах, такія як ён, малапісьменныя і слабахарактарныя, у войску становяцца аб’ектам для здзекаў і зневажанняў».

Верагодна, што аўтар мае на ўвазе нашумелую «справу Коржыча». У кастрычніку 2017 года ў навучальным цэнтры Узброеных сіл знайшлі павешаным радавога Аляксандра Коржыча. У цяперашні час праходзіць суд. Па версіі дзяржабвінавачання, салдата давялі да самагубства. Маці Коржыча ў гэта не верыць і лічыць, што яе сына забілі.

У тым, што здарылася, абвінавачваюць траіх сяржантаў – Яўгена Бараноўскага, Ягора Скуратовіча, Антона Вяжэвіча. У віну ім ставяць злоўжыванне уладай, якое пацягнула цяжкія наступствы, а таксама яшчэ некалькі артыкулаў крымінальнага кодэкса. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Акрамя гэтага, ужо па іншай справе ў чэрвені гэтага года за дзедаўшчыну ў Печах да трох месяцаў арышту прысудзілі старэйшага лейтэнанта Глеба Чайкоўскага.

Аднак па логіцы «Вечернего Магілёва», відаць, вінаватыя не садысты, якія парушаюць закон, а «малапісьменныя і слабахарактарныя» прызыўнікі.