Беларускія папраўчыя калоніі больш не гарантуюць званкі сваякам асуджаных у Расію.
Прычына ў тым, што Раскамнагляд абмежаваў доступ да месэнджэра Viber у Расіі з 13 снежня. Прычынай паслужыла нібыта парушэнне патрабаванняў расійскага заканадаўства да арганізатараў распаўсюджвання інфармацыі.
У той жа час беларускія папраўчыя калоніі, якія масава перайшлі на працягу апошняга года на IP-тэлефанію з-за адмовы “Белтэлекама” абслугоўваць таксафоны, менавіта Viber выбралі ў якасці базавага дадатку для дазволеных рэжымам відэа- і аўдыёзванкоў.
Вынікам стала тое, што перад новым годам і зараз перад праваслаўным Калядамі асуджаныя з расейскім грамадзянствам не маюць магчымасці звязацца з роднымі, якія просяць выкарыстоўваць Skype альбо Telegram. Адзначым, што Skype па незразумелай прычыне не прыжыўся ў беларускіх ВК, а Telegram выкарыстоўваецца ў некаторых ВК выбарачна.