Хэллоў, XXI стагоддзе.

24 жніўня. Магілёў. Саша Мінько

Увага! Пры выкарыстанні або перадруку дадзенага матэрыялу ў іншых інтэрнэт-крыніцах, згадванне сайта mspring.online з гіперспасылкай на арыгінальны тэкст абавязкова ў першым абзацы!


Магілёўскі блогер Мікіта Варажбітаў разам з паплечнікамі выклаў на Youtube ролік «Рэйд на прастытутак. Замес з сутэнёрамі», у якім дужыя хлопцы бяруць у аблогу жанчын лёгкіх паводзін, а потым збіваюць сутэнёра. Відэа падхапілі беларускія СМІ. Што вядома пра Мікіту Варажбітава?

Часопіс аб правах чалавека MSPRING.ONLINE вырашыў пакапацца ў мінулым новага магілёўскага героя. Аказалася, што 25-гадовы Мікіта Варажбітаў доўгі час з’яўляўся байцом клуба змешаных адзінаборстваў (ММА) «Максімус Магілёў». Клуб размешчаны ў завулку Мечнікава, 1, у будынку былой крамы “Паўночны” ў спальным мікрараёне недалёка ад сілікатнага завода на ўскраіне горада.

Два гады таму Мікіта сам вырашыў стаць трэнерам і арганізаваў клуб змешаных адзінаборстваў «Ратыбор». Паслужны спіс у яго ўражлівы: бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі па рукапашным баі, бронзавы прызёр чэмпіянату па грэплінгу, пераможца турніру па баявым самба, чэмпіён Магілёва па панкратыёну, удзельнік прафесійных камандных баёў «8Fight».

Па стане на 1 жніўня на відэа-канал блогера падпісалася больш за 100 тысяч чалавек, што для правінцыйнага Магілёва шмат. У асноўным спартсмен выкладвае відэа падрыхтоўкі да баёў. Але сярод іх сустракаюцца і вельмі неардынарныя ролікі. Напрыклад, 31 ліпеня было выкладзена відэа, на якім дадзены старт «паляванню на графітчыкаў».

Гаворка ідзе пра маладых хлопцаў, якія распісваюць вуліцы горада адрасамі телеграм-каналаў новых наркакрамаў. Камунальныя службы месяцамі не зафарбоўваюць такія надпісы, часта не разумеючы іх сутнасці. Калі ўлады ніяк не рэагуюць на выклікі часу, ім на замену прыходзіць нехта іншы – моладзь вырашаецца на відавочнае самаўпраўства.

Задачай рэйду было знайсці графіціста альбо самога закладніка наркотыкаў і «пакараць». Праўда, нягледзячы на выдатную фізічную форму спартсменаў, дагнаць рэкламніка наркакрамы не ўдалося.

Таксама прыкметна, што Мікіта Варажбітаў выступае супраць пра-крымінальнага моладзевага руху «АУЕ» (арыштанцкага уркаганскага адзінства), але ў той жа час фатаграфуецца на фоне лічбаў «13-12», якія азначаюць абрэвіятуру, прызнаную на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь экстрэмісцкай. Акрамя таго, у яго роліках прысутнічае неапраўдана вялікая колькасць ненарматыўнай лексікі.

Пасля апошняга роліка Мікіты Варажбітава магілёўцы даведаліся, што мясцовыя прастытуткі па-ранейшаму «працуюць» каля гасцініцы «Магілёў», і ў іх па-ранейшаму ёсць сутэнёры, а прадстаўнікі міліцыі (на слэнгу гэтых жанчын – «паліцыя нораваў») іх не чапаюць.

Стварэнне маладымі хлопцамі экстрэмальнай сітуацыі выявіла класічную праблему канфлікту пакаленняў. Сутэнёры, відавочна дасведчаныя ў «блатных» паняццях, былі не падрыхтаваныя да сустрэчы з групай, гатовай ўступаць у супрацьстаянне з-за нейкіх сваіх перакананняў.

Канфлікт скончыўся збіццём фізічна больш моцнай моладдзю «даху» нелегальнага бізнэсу. Характэрна, што міліцыя, у выніку выкліканая жанчынамі, нічога зрабіць не змагла. З агульнай карціны, убачанай праваахоўнікамі, парушэнняў заканадаўства выяўлена не было. Цяпер група прыкладна з шасці-сямі чалавек пад кіраўніцтвам блогера абяцае рабіць падобныя рэйды кожныя выхадныя.

Раней (перыяд 2011-2015 гадоў) Мікіта Варажбітаў быў лідэрам магілёўскай каляфутбольнай (футбольныя хуліганы) групоўкі «Сям’я», пазней разбітай УБАЗ-ам. Хлопцы займаліся масавымі бойкамі. Некаторыя ўдзельнікі некалі адной з наймацнейшых груповак краіны нават адседзелі рэальныя тэрміны.

Сёння частка відэа-саветаў блогера тычыцца метадаў выжывання ў вулічнай бойцы, што і прынесла яму папулярнасць. З пэўнага моманту ва ўсіх роліках стала з’яўляцца рэклама букмекерскай канторы, таксама ён рэкламуе крамы спартыўнай экіпіроўкі ў Расіі.

Сацыяльнай тэматыкай спартсмен і блогер заняўся каля двух месяцаў таму. І ў гэтым сваімі дзеяннямі ён вельмі нагадвае Максіма «Цясака» Марцінкевіча – расійскага відэаблогера-скінхэда з беларускімі каранямі, які таксама аб’яўляў «паляванне» на педафілаў і наркагандляроў. У 2017 годзе Максім Марцінкевіч быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі за напад як раз на гандляроў наркотыкамі (адзін з пацярпелых памёр).

Адзначым, што ў адрозненне ад «Цясака», Мікіта Варажбітаў не прытрымліваецца фашысцкіх перакананняў і адкрыта прызнае, што знаходзіцца пад пільным кантролем супрацоўнікаў магілёўскага ГУБАЗ. Тым не менш, метады яго працы выклікаюць сумневы ў іх законнасці.