6 верасня – глядзім і абмяркоўваем фільм «V – значыць вендэта»

Адкрываем наш сезон мерапрыемстваў з кіно, якое ў 2000-х гадах было забаронена да паказу на тэрыторыі Беларусі.

Валанцёрская каманда «Магілёўскай вясны» і часопіс аб правах чалавека ў Магілёве MSPRING.ONLINE чакаюць усіх у гэтую пятніцу, 6 верасня, на адкрыццё новага сезона нашых мерапрыемстваў. Будзем круціць бабіны з фільмам-антыўтопіяй «V – значыць вендэта», а пасля кіно сядзем і абмяркуем стужку ў кампаніі з гарбатай і прысмакамі.

«V – значыць вендэта» – экранізацыя аднайменнага графічнага рамана Алана Мура, ажыццёўленая Дж. Мактыгам па сцэнары сясцёр Вачоўскі (гэта яны зрабілі «Матрыцу»), якія таксама выступілі прадзюсарамі.

Па сюжэце, падзеі фантастычнага баевіка адбываюцца ў альтэрнатыўнай будучыні. Пасля страшнай эпідэміі невядомага віруса, які адправіў Англію ў хаос, усталёўваецца жорсткая дыктатура ўладнага канцлера. Аднойчы ноччу ў Лондане з’яўляецца змагар за свабоду, вядомы як V, які пачынае партызанскую вайну з рэжымам у спробе вярнуць народу аднятую ў яго свабоду. У гэтай вайне ён прыцягвае на свой бок маладую жанчыну, якую вырваў з лап таемнай паліцыі.

Пасля выхаду карціны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь унесла яе ў спіс забароненых для распаўсюду фільмаў. На дзяржаўных каналах дагэтуль дзейнічае забарона на трансляцыю «V – значыць вендэта».

А гэта значыць, што прапускаць наш кінапаказ нельга:

Магілёў. 6 верасня.

Цэнтр «Кола», зав. Чкалава, 16.

Пачатак – у 19:00. Уваход – вольны.