“Кінавідэапракат” нарыхтаваў падаруначкі ў кожным кінатэатры горада.
18 кастрычніка. Магілёў. Ігар Лазоўскі
Стогадовы юбілей Усесаюзнага Ленінскага камуністычнага саюза моладзі (УЛКСМ) адзначаць 29 кастрычніка – у гэты дзень у 1918 годзе быў утвораны Расійскі камуністычны саюз моладзі (РКСМ).
Аднак святкаванне ўжо ідзе поўным ходам. У гонар падзеі магілёўскі “Кінавідэапракат” падрыхтаваў да паказу ў кінатэатрах “Радзіма”, “Чырвоная зорка”, “Космас” і “Ветразь” фільмы пра Вялікую айчынную вайну і камсамольскі рух.
У спісе стужак нямала прапагандысцкіх работ – летапісны негульнёвай музычны фільм “Маладосць.Традыцыі. Будучыня” 1998 года, беларуская драма “Кадэт” 2009 года пра барацьбу курсанта сувораўскага вучылішча з забойцай старшыні сельсавета (яго дзядзькі), мастацкі фільм “Добраахвотнікі” 1958 года пра камсамольцаў сталінскай эпохі, драма “Афіцэры” 1971 гады, створаная па замове міністра абароны СССР Андрэя Грэчкі, фільм “Камсамольск” 1938 года, прысвечаны будаўніцтву горада Камсамольск-на-Амуры, і іншыя.
Паказы пройдуць не ў галоўных залах. У “Радзіме” будзе выкарыстоўвацца малая зала, у “Чырвонай зорке” – зала гісторыі кіно, у “Космасе” – выставачная зала.
У “Ветразі” круціць стужкі будуць на асноўным экране.
Звяртае на сябе ўвагу час кінамерапрыемстваў – у большасці выпадкаў гэта ранішні і абедзенны час. У сувязі з гэтым можна зрабіць выснову, што, як і ў выпадку з кінастужкай “Не гульня”, на сеансы “добраахвотна-прымусова” могуць адправіць школьнікаў і студэнтаў.
З поўным раскладам можна азнаёміцца на сайце Магілёўскага гарвыканкама.