Але пры гэтым трасецца за здароўе членаў партыі.
1 жніўня. Магілёў. Суд Ленінскага раёна. Алесь Святліцкі. На здымку – Зміцер Люнтаў падчас паседжання.
1 жніўня адбыўся суд паміж Ленінскай раённай арганізацыяй БСДП (Грамада) і Ленінскай раённай адміністрацыяй з-за неўключэння ў склад участковых выбарчых камісій дзесяці сябраў партыі.
Партыя ў сваёй скарзе патрабавала перагляду вынікаў пасяджэння 26 ліпеня, на якім былі сфармаваныя УВК, і ўключэння сваіх прадстаўнікоў у іх склад. Інтарэсы бакоў прадстаўлялі старшыня райарганізацыі Зміцер Люнтаў і кіраўнік справамі адміністрацыі Ленраёна Аляксандр Паддубны. Судзіла бакі Юлія Трапыніна.
Падчас працэсу Зміцер Люнтаў заявіў, што УВК былі сфармаваны па вытворчаму прынцыпу. Ён хадайнічаў аб тым, каб адміністрацыя прадставіла ў суд спісы членаў УВК, у якіх былі б пазначаны іх месца працы і пасады. Пракурор Вольга Жук адхіліла гэтае хадайніцтва, заявіўшы, што вытворчы прынцып – гэта здагадкі Люнтова. Словы пра тое, што па падобнаму прынцыпу былі сфармаваныя УВК падчас папярэдніх выбарчых кампаній, былі судом праігнараваныя.
Прадстаўнік улады Аляксандр Паддубны, у сваю чаргу, растлумачыў не ўключэнне ўсіх дзесяці сябраў “Грамады”. Праўда, вельмі своеасабліва:
– Ганна і Надзея Шкадун знаходзяцца ў адпачынку па дагляду за дзіцем. У сілу аб’ектыўных прычынай, яны не змаглі б надаваць досыць шмат часу дзейнасці, якая спалучана з вялікімі выдаткамі асабістага часу, – тлумачыў Паддубны.
– Жыгалаў, Двігун, Паўлоўскі, Лёгенькі, Гарбузаў, Кулажына доўгі час з’яўляюцца беспрацоўнымі. Наша камісія выбірала тых, хто доўгі час прымаў удзел у грамадска-карыснай працы. Падбярэцкі, 1947 года нараджэння, знаходзіцца ў пажылым узросце. 69 гадоў чалавеку. У дадзеным выпадку члены камісіі проста паклапаціліся пра яго здароўе, паколькі праца ў камісіі спалучаная з выдаткамі фізічнага і псіхічнага здароўя, таму што хадзіць, спраўджваць спісы … Не ва ўсе пад’езды дапускаюць, дзесьці сабакі брэшуць, дзесьці кодавыя замкі, ўсё такое іншае. Чалавека проста пашкадавалі, – клапатліва сказаў чыноўнік.
Работнік адміністрацыі прызнаўся, што ў дакументах, якія падалі прадстаўнікі “Грамады”, былі знойдзеныя «грубыя парушэнні». Аднак, нягледзячы на іх, улады вырашылі разгледзець кандыдатуры вылучэнцаў, тым самым парушыўшы Выбарчы кодэкс.
У сваім выступе Аляксандр Паддубны заявіў, што “камісія – гэта свайго роду арганізм, у якім павінна быць пастаўлена праца без зрываў”.
– Гэта не арэна для палітычнай барацьбы. Наадварот, УВК павінны дзейнічаць супольна, выразна і арганізавана, таму што асноўная сутнасць іх дзейнасці – арганізацыя выбараў, – заявіў чыноўнік.
Далей Паддубнаму пачаў задаваць пытанні Люнтаў:
Л: – Ці выкарыстоўваўся вытворчы прынцып пры стварэнні УВК?
П: – Не, вядома.
Л: – Чаму тады не пазначылі месцы працы і пасады?
П: – Вы ж не ўдзельнічалі ў пасяджэнні, адкуль вам ведаць?
Л: – У мяне ёсць сведкі, якіх мы можам выклікаць.
П: – Падчас паседжэння камісіі абмяркоўваліся дзелавыя якасці кожнага кандыдата, у тым ліку месца працы, калі гэта было неабходна. Калі чалавек вылучаўся ад грамадскай ці палітычнай арганізацыі, як мы маглі казаць аб яго працы, калі гэта ягоная грамадская нагрузка?
Л: – Чаму вы выключаеце нашых членаў, якія з’яўляюцца беспрацоўнымі, хоць у вылучэнцаў ад «Белай Русі», цалкам верагодна, таксама ёсць такія. Чаму менавіта нашых партыйцаў вы не дапусцілі паводле гэтага прынцыпу?
П: – Я ўжо найпадрабязным чынам усе даклаў. І паўтараць відавочнае не збіраюся.
Л: – Чаму вы не ўключалі беспрацоўных? Ці не таму, што на іх нельга аказаць ціск?
П: – Таму што маладыя людзі павінны быць занятыя грамадскім узнаўленнем.
Л: – Вы лічыце, што сябры БСДП (Грамада) не занятыя грамадска-карыснай працай?
П: – Так … Так дакладна. Я сказаў грамадскім узнаўленнем, паважаны. Трэба ўважліва слухаць.
(Адзначым, што ледзь раней у выступе Паддубны заявіў, што беспрацоўныя сябры партыі не займаюцца менавіта грамадска-карыснай працай. Фраза выдатна чутная на дыктафонным запісу – заўв. Святліцкага).
Л: – Якім грамадскім узнаўленнем займаецца «Белая Русь»?
П: – У дадзеным выпадку гэта да справы не мае ніякага дачынення.
Падчас абвяшчэння матэрыялаў справы суддзя Трапыніна раптам выявіла, што ў Люнтава адсутнічае даверанасць ад кіраўніцтва партыі на прадстаўленне яе інтарэсаў у судзе. Пасля гэтага яна адразу сыйшла для вынясення прысуду. Як вынік – скарга старшыні Ленінскай раённай арганізацыі БСДП (Грамада) Зміцера Люнтава засталася без разгляду.
Адзначым, што падобную скаргу заносілі ў суд прадстаўнікі БНФ “Адраджэнне”. Але праз памылкі ў дакументах, яна была вернута ім таксама без разгляду.