Цікавы, канешне, абмен досведам (насамрэч – не).

Упраўленне ДАІ па Магілёўскай вобласці апублікавала відэа ў сваім афіцыйным інстаграм-акаўнце, якое падазрона падобнае на звычайнае «пакаяльнае відэа» сілавікоў – праўда, тут міліцыянт па імені Аляксей усё ж прысутнічае ў кадры з непрыхаваным тварам. Гэта першае падобнае відэа, якое апублікавана ў акаўнце.

У роліку супрацоўнік УДАІ павучальна задае дзяўчыне пытанні аб дробным ДТЗ на паркоўцы каля ГЦ «Грынвіч». Дзяўчына выязджала з паркоўкі і выпадкова зачапіла іншы аўтамабіль, пасля чаго з’ехала. Па камерах на гандлёвым цэнтры дзяўчыну знайшлі супрацоўнікі ДАІ – на яе склалі два пратаколы (за само парушэнне і за тое, што яна схавалася), пазбавілі правоў на 4 месяцы і аштрафавалі на 296 рублёў.

Калі верыць УДАІ, “жанчына добраахвотна вырашыла расказаць аб сітуацыі і перасцерагчы іншых сваім прыкладам”.
Яна ж падзякавала “супрацоўнікам ДАІ, якія лаяльна да яе паставіліся“. У канцы ёй ад імя УДАІ ўручылі падарунак.