Міхаіл Т. наклаў на сябе рукі ў штрафным ізалятары. Праваабаронцы не выключаюць, што яго давялі да самагубства.
17 студзеня. Шклоў. Ігар Лазоўскі
28-гадовы Міхаіл Т., вядомы пад турэмнай мянушкай «Карась», 15 студзеня здзейсніў суіцыд ў штрафным ізалятары шклоўскай ПК №17, у камеры №10 – прычапіў вяроўку на батарэю і павесіўся седзячы. Вядома, што ён быў асуджаны на 12 гадоў за забойства.
Былы палітвязень, праваабаронца Мікіта Ліхавід, якому пра інцыдэнт паведамілі крыніцы ўнутры шклоўскай калоніі, пацвердзіў інфармацыю аб гэтым:
– Не ведаю, чаму Міхаіл знаходзіўся ў ШІЗА. Ён адбыў тэрмін на турэмным рэжыме, вярнуўся ў калонію, у калоніі падпісаў паперы аб правапаслухмяных паводзінах. Пасля таго, як правяральны з дэпартамента выканання пакаранняў пачаў яму пагражаць, што адправіць яго назад у турму, Міхаіл сказаў, што не будзе слухаць за спіной што ён “нечысць”, “пераабуўся” і гэтак далей. А ноччу ўдавіўся, – паведаміў Ліхавід.
Па словах праваабаронцы, здзейсніць самагубства ў ШІЗА нескладана:
– Спосабаў пакончыць з сабой у ШІЗА вялікае мноства. У чалавека ёсць адзенне, станок для галення, бытавыя прыналежнасці.
У групе «Беларуская турма» у сацыяльнай сетцы «Укантакце» вечарам 16 студзеня было апублікавана імя і званне супрацоўніка ДВП, пасля размовы з якім, як мяркуецца, адбыўся інцыдэнт – маёр Аляксей Курашоў.
– Не магу кагосьці вінаваціць канкрэтна або вызначаць, хто больш-менш вінаваты. У сістэме выканання пакаранняў ніякая праца па прадухіленні суіцыдаў не вялася і не вядзецца. Добра, калі ў штаце ёсць хоць бы адзін псіхолаг, але яму сапраўды не да размоваў па душах з асуджанымі. Я б сказаў нават наадварот: у гэтай сістэме больш зроблена для таго, каб адбіць у чалавека жаданне жыць і развівацца як асоба, – пракаментаваў сітуацыю Мікіта Ліхавід.
Паводле яго слоў, адсутнасць грамадскага кантролю дазваляе адміністрацыі калоніі рабіць практычна ўсё, што заўгодна:
Стаўленне да людзей не як да роўнаму распаўсюджваецца практычна на ўсіх зняволеных. Шмат у чым стаўленне да палітвязняў нават лепш, чым да радавых асуджаным.
Афіцыйнай рэакцыі з боку папраўчай калоніі №17 і з боку ДВП да гэтага часу не было.
Раней аб неабходнасці змяніць пэнітэнцыярную сістэму ў інтэрв’ю нашаму сайту заяўляў кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі.