Магілёўская міліцыя хоча пакараць Аліну Скрэбунову за журналісцкую дзейнасць.

9 чэрвеня. Магілёў. Алесь Святліцкі.Нна здымку – Аліна Скребунова са сваім прыгожым сабакам, фота з Facebook


Супрацоўнікі МУС абвінавачваюць фрылансера Аліну Скрэбунову ў незаконнай вытворчасці прадукцыі СМІ і рыхтуюцца дапытаць яе, як асобу, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс.

Пра гэта свабодная журналістка даведалася калі ёй патэлефанавалі з Кастрычніцкага РАУС г. Магілёва і папрасілі прыйсці на допыт.

Мне «шыюць» парушэнне ч.2 арт. 22.9 КаАП, абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі. Гаворка ідзе пра сюжэт на тэлеканале «БелСАТ», які, на думку міліцыянтаў, зрабіла я. Нібыта, мяне апазналі людзі, якіх паказалі ў гэтым сюжэце. Сказалі, што ў іх ёсць усе доказы і амаль усё гатова, трэба толькі ўзяць у мяне паказанні. Запрасілі на сустрэчу, але я сказала, што прыйду толькі па позве, – распавяла Аліна Скребунова.

«Позву» дзяўчыне выслалі ў выглядзе звычайнай СМС-кі, якую, на яе думку, можа даслаць хто заўгодна:

– Я адказала, што калі гэта сапраўды міліцыя, дык няхай прышле нармальную позву, аформленую па ўсіх правілах заканадаўства. А так гэта незразумела што, можа дзеці нейкія гуляюць, – іранічна заўважыла дзяўчына.

facebook.com

Паводле яе слоў, гэта ўжо другая адміністрацыйная справа за незаконны выраб прадукцыі СМІ ў дачыненні да яе ў гэтым годзе. Два дні таму яна даведалася, што першая справа, якую вёў Ленінскі РАУС, спынена за адсутнасцю складу правапарушэння. Аднак у гэты раз, лічыць Скрэбунова, міліцыя будзе дамагацца суду.