Мясцовыя праваабаронцы атрымалі адказ з аблвыканкама, які дае надзею на змякчэнне умоў для мітынгаў і сходаў.

3 красавіка. Магілёў. Алесь Святліцкі


Намеснік старшыні аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч у пісьмовым адказе паведаміў Барысу Бухелю і Аляксею Колчыну, што Магілёўскаму гарвыканкаму рэкамендавана разгледзіць пытанне аб унясенні змяненняў у рашэнне “Аб масавых мерапрыемствах у горадзе Магілёве”.

Яны датычацца прадастаўлення ў гарвыканкам дамоваў аб ахове грамадскага парадку, аб дзяжурстве «хуткай дапамогі» і ўборцы пасля масавага мерапрыемства. Магілёўскія праваабаронцы дамагаліся адмены пералічаных дамоваў ужо некалькі год, аднак невялікія зрухі ў гэтым пытанні пачаліся толькі цяпер, лічаць яны.

– Мы расцэньваем гэта як вельмі асцярожны крок насустрач, – пракаментаваў адказ Андрэя Кунцэвіча Барыс Бухель.Гарвыканкам можа праігнараваць рэкамендацыі і нічога не мяняць у сваім рашэнні «Аб масавых мерапрыемствах», каб не рабіць сабе лішняй працы. Але, у любым выпадку, гэта лепш, чым нічога.

Праваабаронца лічыць, што адмена дамоваў з міліцыяй, «хуткай» і камунальнікамі – лагічны крок.

У Канстытуцыі і іншых нарматыўных актах прапісана права грамадзян на мірныя сходы, якім дзяржава абавязана забяспечыць бяспеку і абслугоўванне. У чым логіка плаціць органам унутраных спраў, бальніцы і камунальным службам, калі гэтыя структуры і так фінансуюцца праз нашы падаткі? Да таго ж, навошта наогул дзяжурства міліцыі і хуткай, калі чалавек праводзіць адзіночны пікет? Абавязковае прадстаўленне гэтых дагавораў значна абмяжоўвае права чалавека на мірныя сходы.

Раней Барыс Бухель і Аляксей Колчын з просьбай змяніць рашэнне “Аб масавых мерапрыемствах» звярталіся ў Магілёўскі гарвыканкам, але атрымалі адмову з боку ідэолага Алы Галушка. Менавіта пасля гэтага было прынята рашэнне абскардзіць адказ праз аблвыканкам.