26 ліпеня ў тайм-кафэ “Неба” магілёўцы паглядзелі і абмеркавалі апошнюю частку серыяла Яна Артюса-Бертрана Human.
26 ліпеня. Магілёў. Тайм-кафэ “Неба”. Ігар Лазоўскі/ На галоўным здымку – мадэратары імпрэзы Наста Лойка і Мікалай Сувораў.
Апошні з серыі фільмаў-маналогаў людзей сабраў каля паўсотні чалавек гледачоў, у асноўным – моладзі.
Пасля паўтарагадзіннага паказу адбылася дыскусія аб праблемах, якія стаялі перад героямі стужкі, а таксама аб магчымасцях, як можна ім дапамагчы.
Трылогія “Чалавек” была выпушчана ў 2015 годзе і ўключае ў сябе набор аднолькавых пытанняў, якія былі зададзены людзям з 60 краін. У трэцяй частцы гаворка ішла аб праблемах людзей з інваліднасцю, недаступнасці адукацыі, шчасці, карупцыі і палітыцы.
У дыскусіі, якая ішла следам за праглядам, высветлілася, што аўдыторыя настроена да герояў фільма досыць жорстка.
– Калі мы бачым праблему засушлівым мясцовасці, дзе не хапае вады, мы не можам адправіць дзясяткі бутляў з пітной вадкасцю, каб зрабіць камусьці лепш. Мы не заўсёды можам дапамагчы, – выказалася адна з удзельніц мерапрыемства.
У адказ на гэта іншы ўдзельнік сустрэчы заўважыў, што ад людзей залежыць палітыка дзяржавы, у якім яны жывуць:
– Можна патрабаваць на нацыянальным узроўні ад дзяржавы прадставіць сваю пазіцыю ў ААН або іншых міжнародных структурах. Калі ціск моцны, можна дамагчыся большага ўдзелу той жа Беларусі ў розных праектах па дапамозе іншым краінам, – заўважыў ўдзельнік.
Сярод усіх пазначаных праблем найбольш вострай прызналі недаступнасць адукацыі ў некаторых краінах. Аўдыторыя пагадзілася з думкай аб тым, што немажлівасць трапіць у школу спараджае мноства праблем у рэгіёне.
На гэта зрэагавала адна з глядачак фільма, якая, па яе словах, вучылася ў ВНУ з прадстаўнікамі іншых краін, у асноўным Сярэдняй Азіі:
– Яны ўвесь час кажуць пра тое, як нам моцна пашанцавала з Беларуссю, бо ў нас сярэдняя і агульная адукацыя даступныя, грамаце можна навучыцца лёгка. А дзесьці гэта адна з глабальных праблем, – сказала яна.
У канцы дыскусіі большасць людзей прыйшлі да высновы, што дапамагаць іншым трэба, у тым ліку тым, хто не просіць аб гэтым. А для гэтага трэба больш уважліва ставіцца да тых, хто побач.
Кінапрагляд арганізоўвалі валанцёрская служба ПЦ “Вясна”, кінаклуб 451F і ініцыятыва “Праўныя дарэктары”.